Беларуская Служба

Былы палітзняволены Аляксандр Кабанаў: Пасля спробы суіцыду не змякчаюць рэжым, наадварот – адпраўляюць у ШІЗА

20.03.2023 18:45
Былы палітзняволены Аляксандр Кабанаў расказвае, што адбываецца са зняволенымі калоній пасля спробы суіцыду.
Аўдыё
  • «Часта пераслед чалавека – гэта рашэнне зверху: Дэпартаменту выканання пакаранняў, КДБ, У асабістай справе могуць нават пазначыць: «Гэтаму грамадзяніну зрабіць так, каб сядзець яму было скрайне цяжка, несалодка».
 .
Аляксандр Кабанаў. Фота: svaboda.org

У Наваполацкай калоніі здзейсніў спробу суіцыду Ігар Лосік. У ШІЗА ён доўгі час трымаў галадоўку, а пасля парэзаў сабе рукі і шыю, паведамляюць праваабаронцы. Ігара выратавалі і адправілі ў медсанчастку. Блогер, былы палітзняволены Аляксандр Кабанаў таксама адбываў пакаранне ў гэтай калоніі. Ён гаворыць, што такімі крайнімі метадамі вязні звычайна карыстаюцца, каб хоць неяк спыніць ціск, пераслед з боку адміністрацыі.

«Гэта крайне рэдкі выпадак, калі чалавек такім чынам хоча сапраўды сысці з жыцця. Звычайна гэта спроба супрацьстаяць беззаконню, спроба адвесці гэта ад сябе. Часам гэта можа спрацаваць, часам не, – гаворыць Аляксандр. – Адміністрацыі не падабаецца адназначна, што ідзе агалоска. Але робяць выгляд, што ім напляваць, каб для іншых гэты крок не быў прыкладам. Насамрэч гэта не так. Зразумела, што пасля такога будзе пракурорская праверка. Да Лосіка цяпер, калі ён патрапіў у бальніцу, мусіць прыехаць пракурор, апытаць яго. Зразумела, могуць напісаць, што парушэнняў не выяўлена. Але ўсё адно гэта непрыемна для адміністрацыі, бо будуць апытваць і супрацоўнікаў калоніі, гэта ім не падабаецца. Але на практыцы нічога сур’ёзнага з адміністрацыяй пасля такога не здараецца.

Ігар Лосік Ігар Лосік

Наваполацкая калонія вядомая жорсткімі норавамі з боку адміністрацыі, там ёсць заўважныя асобы палітзняволеных. Напрыклад, экс-кіраўнік «Белгазпрамбанка», які вылучаў сваю кандыдатуру на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года, Віктар Бабарыка.

Аляксандр Кабанаў гаворыць, што адміністрацыя калоніі, калі чалавек стварае для іх праблемы, можа спакойна ад яго пазбавіцца:

— Адміністрацыя вывучае псіхалагічны партрэт чалавека, вывучаюць, ці можа ён паўплываць на меркаванні іншых, робяць так, каб ён ні з кім не кантактаваў. І, калі чалавек ім моцна не падабаецца, то яго закрываюць у ШЫЗА, затым у памяшканне камернага тыпу, і потым у крытую турму. Калі бачаць, што чалавек не ўяўляе для іх пагрозы, што не зможа камусьці свае думкі перадаваць, то асаблівай увагі не надаюць. Але часта пераслед чалавека, гэта рашэнне зверху – Дэпартаменту выканання пакаранняў, КДБ, у асабістай справе могуць нават пазначыць: «Гэтаму грамадзяніну зрабіць так, каб сядзець яму было скрайне цяжка, несалодка».

Я дакладна не ведаю сітуацыі з Лосікам, але мяркую, што гэта і яго выпадак. Я мяркую па сабе. Як толькі я прыехаў у лагер (у калонію. – Рэд.), да мяне прэтэнзій не было ўвогуле, бо я нічога не рабіў, ні з кім не кантактаваў. Але, як толькі начальнік калоніі выйшаў з адпачынку, усё – панеслася. Можа быць, гэта было яго негатыўнае стаўленне да мяне, хаця мы ніколі не размаўлялі, мы не знаёмыя. Можа быць гэта была каманда яму зверху. Але гэта ўсё незаконна ў прынцыпе, ніякі закон там не працуе. Гэта абсалютная адсутнасць правоў у зняволеных, з імі могуць зрабіць усё, што захочуць.

Важны момант, Аляксандр Кабанаў падкрэслівае, што пасля спробы суіцыду, чалавека не лечаць, не палягчаюць яму ўмовы:

«Ён адразу з бальніцы надоўга паедзе ў ШІЗа. У мяне так было. Мяне толькі зашылі ў бальніцы, пры гэтым супрацоўнікі, якія туды прывезлі прапаноўвалі пакінуць, але ў выніку адправілі назад у калонію ў ШІЗа, яшчэ накінулі зверху «сутак». Гэтак жа будзе і ў Ігара. Яго з бальніцы адправяць у калонію, і ён не будзе недзе там лячыцца, ляжаць, яго закрыюць у ШІЗА і надоўга. Думаю, што са штрафнога ізалятару яго перавядуць у памяшканне камернага тыпу (гэта значыць без магчымасці працаваць, хадзіць па тэрыторыі калоніі. – Рэд.)».

вх