Беларуская Служба

Венгрыя як адвакат Пуціна ў Еўропе? Орбан заблакаваў заяву ЕС наконт ордара на арышт Пуціна

21.03.2023 12:15
Венгрыя заблакавала заяву ЕС аб ордары на арышт Пуціна, паведамляе агенцтва Bloomberg са спасылкай на крыніцы.
-   .
Прэм'ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан.Фото: PAP/EPA/ROBERT GHEMENT

Еўрасаюз павінен быў выступіць з сумеснай заявай пасля рашэння Міжнароднага крымінальнага суда ў Гаазе, які выдаў ордар на арышт Уладзіміра Пуціна. Венгрыя на такі крок не пагадзілася.

У рэшце рэшт Жазэп Барэль выступіў з заявай выключна ад свайго імя. «Еўрасаюз разглядае рашэнне МКС як пачатак працэсу прыцягнення расійскіх лідараў да адказнасці за злачынствы і зверствы, якія яны загадваюць, дазваляюць або здзяйсняюць ва Украіне», – заявіў вярхоўны прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі.

Кіраўнік дыпламатыі Еўрасаюза падчас прэсавай канферэнцыі заявіў, што рашэнне МУС ставіць Уладзімера Пуціна ў зусім новую сітуацыю ў дачыненні да міжнароднай супольнасці. «З такім загадам расійскі прэзідэнт, калі ён адправіцца ў любую з амаль 130 краін, якія падпісалі Рымскі статут, павінен быць неадкладна арыштаваны», – растлумачыў Жазэп Барэль.

Гэта было не адзінае вета з боку ўрада Віктара Орбана. Прадстаўнік Венгрыі таксама не падпісаў сумесную заяву міністраў юстыцыі, якія выказалі падтрымку міжнародным намаганням, якія прадпрымаюцца для пакарання вінаватых у злачынствах, учыненых ва Украіне.

Паводле звестак Bloomberg, ЕС таксама можа прадэманстраваць сваю падтрымку рашэння ICC праз высновы, якія будуць зроблены пасля пасяджэння Еўрапейскага савету, запланаванага на 23-24 сакавіка.

Прэс-сакратар урада Венгрыі патлумачыў, што дзяржава не адмаўляе ордар на арышт Уладзіміра Пуціна, а толькі не згаджаецца з рэзалюцыяй, якую Жазэп Барэль хацеў выдаць ад імя ўсіх краін-сябраў ЕС. Ён патлумачыў, што такія заявы прадстаўнік павінен рабіць толькі ад сябе.

Міжнародны крымінальны суд у Гаазе ў пятніцу, 17 сакавіка, выдаў ордар на арышт Уладзіміра Пуціна. Таксама ордар ёсць на арышт расійскай упаўнаважанай па справах дзяцей Марыі Львовай-Бяловай. У сваім абгрунтаванні МУС падкрэсліў, што расійскіх палітыкаў падазраюць у незаконнай дэпартацыі дзяцей і незаконным вывазе людзей з Украіны ў Расію. Паводле дадзеных украінскага боку, з пачатку вайны расіяне вывезлі з Украіны 16 226 дзяцей. Толькі 308 дзяцей змаглі вярнуцца ў свае сем'і.

У афіцыйным камюніке адзначалася, што «ёсць разумныя падставы меркаваць, што Уладзімір Пуцін нясе індывідуальную крымінальную адказнасць за ваенныя злачынствы, а таксама за адсутнасць дастатковага кантролю над грамадзянскімі і вайсковымі падначаленымі, якія здзейснілі або дазволілі здзейсніць гэтыя дзеянні».

wprost.pl / вх