«Гэта абавязкова адбудзецца», – так верагоднасць размяшчэння ў Беларусі расійскай тактычнай ядзернай зброі ацаніў апазіцыянер, былы амбасадар Беларусі ў Польшчы Павел Латушка. Тыднёвік Wprost нагадвае, што надоечы аб гэтым заявіў Уладзімір Пуцін. Верагодна, неўзабаве пачнецца будаўніцтва спецыяльнага склада для захоўвання ядзерных зарадаў. Раней Расія размясціла ў Беларусі 10 баявых самалётаў, здольных несці тактычную ядзерную зброю.
Павел Латушка лічыць, што Пуцін несумненна рэалізуе сваё абяцанне. Паводле яго, Мінск і Масква ўжо раней рыхтаваліся да такога кроку. На яго думку, у гэтым пытанні дыктатары маглі дамовіцца, што ўзамен за тое, што Беларусь стане пуцінскім плацдармам сярод краін НАТА, Лукашэнка будзе кіраваць беларускай дзяржавай пажыццёва.
Латушка лічыць, што Беларусь пры ўладзе Лукашэнкі зʼяўляецца пастаяннай пагрозай для Польшчы.
«Цяпер тактычная ядзерная зброя, безумоўна, будзе выклікам для бяспекі Польшчы, але таксама Літвы, Латвіі і, вядома, Украіны(…) Пуцін даў Лукашэнку дадатковы аргумент, каб палохаць суседзяў», – кажа Латушка.
Ён дадаў, што Захад ужо павінен прымаць нейкія рашэнні ў гэтым пытанні, але, як заўсёды, дзейнічае занадта павольна. «Праблема ў тым, што Еўрасаюз заўсёды рэагуе постфактум і не спрабуе прадухіліць нейкія негатыўныя сцэнары», – лічыць Павел Латушка.
аз