Беларуская Служба

А. Азараў: Кожны беларус, якія захоча далучыцца да барацьбы з Лукашэнкам, атрымае канкрэтную задачу

01.04.2023 17:01
На думку Азарава, у 2020 годзе пратэст не прынёс выніку не таму, што быў мірны, а таму, што ён быў неарганізаваны.
.
.https://www.youtube.com/watch?v=3hbhOFpqOc4&t=73s

У выданні Do Rzeczy гутарка з кіраўніком арганізацыі BYPOL, прадстаўніком пераходнага кабінету Аляксандрам Азаравым. Ён распавядае, у прыватнасці, пра беларускія харугвы – спецыяльныя фармаванні, якія рыхтуюцца да барацьбы з рэжымам. Яны створаныя ўжо ва ўсіх буйных гарадах Польшчы. Пра колькасць удзельнікаў харугваў Азараў не хоча казаць, гэта таямніца.

Паводле ягоных словаў, кожны беларус, якія захоча далучыцца да барацьбы з Лукашэнкам, атрымае канкрэтную задачу. Дзеля таго, каб звергнуць рэжым, павінны зноў пачацца масавыя пратэсты і страйкі. Пратэсты павінны быць мірныя. На думку Азарава, у 2020 годзе пратэст не прынёс выніку не таму, што быў мірны, а таму, што ён быў неарганізаваны. Людзі проста спантанна выйшлі на вуліцы з бел-чырвона-белымі сцягамі, у іх не было ніякіх канкрэтных планаў. Цяпер у апазіцыі ёсць план. Былы беларускі сілавік мяркуе, што, калі пачнуцца пратэсты, а сілавыя структуры ўбачаць, што Лукашэнка слабее, каля 70% сілавікоў пяройдзе на той бок, які мацнейшы. Для іх няма розніцы, хто кіруе краінай, цяпер яны выконваюць загады Лукашэнкі, паколькі ён трымае ўсіх пад абцасам. Калі падчас апошніх пратэстаў яшчэ не было зразумела, хто пераможа, многія сілавікі адмаўляліся выконваць загад. Калі б тады ўдзельнікі дэманстрацый перасталі хадзіць па вуліцах, а пачалі авалодваць будынкамі сілавых структур, іх супрацоўнікі паддаліся б без барацьбы.

Па словах Азарава, добра было б распачаць барацьбу яшчэ тады, калі працягваецца вайна ва Украіне. Канешне, існуе рызыка, што Расія дапаможа падавіць пратэсты, але няма выбару, трэба спрабаваць. Цяпер ідзе праца над тым, каб у адпаведным моманце аб’яднаць беларусаў, якія змагаюцца супраць Расіі на ўкраінскім фронце, і пры іх дапамозе пачаць рэалізацыю плану «Перамога». З украінскімі ўладамі няма перамоваў на гэтую тэму, яны занятыя выключна вайной з Расіяй, – дадае Азараў.

А якой Аляксандр Азараў бачыць будучую Беларусь? Спрэчныя пытанні павінен вырашаць беларускі народ. Асабіста ён выступае за спыненне сувязяў з Расіяй і ўступленне ў Еўрапейскі Саюз.

нг