Украінскі бок заявіў, што ёсць супольныя кропкі. Спецыялісты адзначаюць, што Кітай адмыслова выбраў момант напярэдадні ўкраінскага контрнаступу.
Вайна ва Украіне доўжыцца больш за год. Апошнія суткі прайшлі пад знакам чарговых атак расіян. Акупанты штурмавалі ўкраінскія гарады на ўсходзе краіны. За апошнія суткі ўкраінская армія адбіла 54 наземныя атакі праціўніка. Асноўныя напрамкі - Бахмут, Мар'інка і Аўдзееўка. Расіяне масава ўжываюць артылерыю ды ракетныя сістэмы. Ноччу акупанты абстралялі ракетамі Мікалаеў на поўдні Украіны. Ужо вядома аб адным загінуўшым і 23 параненых.
У сваю чаргу украінскія вайскоўцы замацаваліся на на левым беразе Дняпра ў Херсонскай вобласці, дзе ім удалося ліквідаваць некалькі дзясяткаў расійскіх вайскоўцаў і дзясяткі адзінак тэхнікі агрэсара, распавяла прэс-сакратар аператыўнага штабу «Поўдзень» Наталля Гуменюк.
- Ліквідаваныя больш за 30 расіян і больш за 30 адзінак тэхнікі. Гэта немалы поспех, таму што мы знішчаем не толькі патэнцыял праціўніка, але і тое, што ён абслугоўвае, і тэхніку з рэзерву. Рыхтуючыся да актыўных дзеянняў, мы ведалі, што яны там назапашваюць нейкія запасы, але хавалі гэта за мясцовым насельніцтвам. Мы не маглі цэліцца ў тэхніку, якая была на падворках мясцовых жыхароў.
Некалькі дзён таму Генштаб УСУ заяўляў, што расіяне пачалі зыход з прыбярэжных раёнаў. Тры дні таму амерыканскі аналітычны цэнтр Institute for War Studies паведаміў, што, верагодна, украінскім вайскоўцам удалося пераправіцца праз Дняпро ў Херсонскай вобласці і замацавацца на яго левым беразе. Пасля чаго украінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі звярнуўся з заклікам да міжнароднай супольнасці, што Расію трэба і можна спыняць.
- Ніхто нідзе не можа адчуваць сябе ў бяспецы, пакуль агрэсар не будзе пераможаны. Гэта даказвае кожны дзень ва Украіне - усё тое, што робяць расійскія войскі і спецслужбы акупанта на нашай зямлі супраць нашага народу. І гэта тое, што яны мараць прынесці на зямлю іншых народаў. Гэта ведае ўвесь свет. Свет таксама ведае: Расію можна спыніць. Гэта агульны інтарэс.
Заклік пачулі ў Пекіне. Учора адбылася першая тэлефонная размова лідараў Украіны і Кітая. Гэта першая размова лідараў дзвюх краін з пачатку агрэсіі Расіі супраць Украіны.
«Наша размова была працяглай і плённай. Мяркую, што гэтыя кантакты і прызначэнне амбасадара Украіны ў Кітаі стануць імпульсам для развіцця адносін паміж нашымі краінамі», — напісаў прэзідэнт Украіны ў Twitter пасля гадзіннай размовы.
Кіраўнікі абедзвюх дзяржаў дамовіліся аб невыкарыстанні ядзернай зброі і недапушчальнасці акупацыі ядзерных аб'ектаў. Знойдзеныя супольныя кропкі ў бачанні абедзвюма краінамі шляхоў дасягнення міру ва Украіне, заявіў прэс-сакратар прэзідэнта Украіны Сяргей Нікіфараў.
- Прэзідэнт КНР асабіста прадставіў кітайскі мірны план. Прэзідэнт Украіны прадставіў сваю формулу міру, якая для нас з'яўляецца прыярытэтам у дасягненні міру. Добра, што ёсць нейкія кропкі судакранання, у тым ліку ў пытанні нераспаўсюджвання ядзернай зброі. Напрыклад, існуе агульнапрынятае меркаванне, што нельга браць у закладнікі нават грамадзянскія атамныя аб'екты. Гэта пункты судакранання ўкраінскай і кітайскай пазіцый. І адсюль мы можам працягваць дыялог.
Прэс-сакратар прэзідэнта Украіны дадаў, што лідары Украіны і Кітая дамовіліся весці рэгулярны дыялог. Кітай заявіў, што накіруе ва Украіну спецпрадстаўніка для дапамогі ў вырашэнні крызісу, як Кітай называе агрэсію Расіі супраць Украіны. Гэта былы амбасадар Кітаю ў Расіі. Сёння Кіеў абвясціў аб прызначэнні новага амбасадара ў Кіеве.
Расійскі апазіцыянер Марк Фейгін, вядомы адвакат, які ў мінулым абараняў многіх расійскіх апазіцыянераў, а цяпер жыве на Захадзе, у інтэрв'ю прыватнаму ўкраінскаму тэлебачанню пракаментаваў тэлефонную размову прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага і лідара Кітаю Сі Цзіньпіна. Марк Фейгін заявіў, што Кітай паводзіць сябе прагматычна ў канфлікце паміж Расіяй і Украінай. Кітай падтрымае Украіну ў выпадку паспяховага контрнаступлення.
- У выпадку поспеху контрнаступлення ў Пекіна з'явіцца больш рычагоў ціску на Пуціна. А што тычыцца Кітая, то яны, відавочна, робяць усё ў сваіх інтарэсах - маніпулірююць Масквой і Захадам, з-за Тайваня. І навошта ім пагаршаць адносіны з Украінай? Дапамагчы Расіі выйграць вайну? Кітай далучыцца да мацнейшых, калі ўбачаць, хто выйграе гэтую вайну.
Гэта першыя перамовы на такім узроўні паміж украінскім і кітайскім бакамі з пачатку вайны. Іх пачатак звязваюць з тым, што У Пекіне зразумелі, што спыніць расейска-ўкраінскую вайну без уліку інтарэсаў Украіны немагчыма. Пампезна арганізаваны візіт Сі Цзіньпіна ў Маскву не апраўдаў чаканняў Кітая. Пуцін не шукае міру і нікога не слухае. Палітыка Крамля — бескантрольнае нарошчванне агрэсіі і актыўнае выкарыстанне ядзернай пагрозы. Гэта не ў інтарэсах КНР, падсумоўвае перамовы украінская прэса.
ЗША віталі тэлефонную размову лідара КНР Сі Цзіньпіна з прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім. Прэс-сакратар Савета нацыянальнай бяспекі Белага дома Джон Кірбі сказаў, аднак, што ў ARA незразумела, ці прывядзе дыпламатычнае ўзаемадзеянне Кітая да значнай мірнай ініцыятывы.
Юры Ліхтаровіч