Беларуская Служба

Праблемы расіян ва Украіне: на 1 км фронту - адзін танк

02.05.2023 16:19
Дэфіцыт боепрыпасаў выклікае ўнутраныя канфлікты ў расійскай арміі, асабліва паміж Міністэрствам абароны і групай Вагнера.
Украінскія артылерысты на баявой пазіцыі фота: Генеральны штаб Узброеных сіл Украіны

На мінулым тыдні ў расійскай арміі быў адпраўлены ў адстаўку намеснік міністра абароны генерал-палкоўнік Міхаіл Мізінцаў, які адказваў за матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне і прабыў на гэтай пасадзе ўсяго восем месяцаў. «Вызваленне з пасады Мізінцава азначае, што матэрыяльна-тэхнічныя праблемы застаюцца ў цэнтры цяжкай кампаніі Расіі ва Украіне. У Расіі не хапае боепрыпасаў для наступлення», паведаміла брытанская разведка, словы якой цытуе Gazeta Wyborcza.

Аналітыкі дадаюць, штодэфіцыт боепрыпасаў выклікае ўнутраныя канфлікты ў расійскай арміі, асабліва паміж Міністэрствам абароны і групай Вагнера.

Прэс-сакратар Усходняй групоўкі Узброеных сіл Украіны Сяргей Чараваты ў каментары выданню «РБК-Украіна» распавёў пра тое, якая групоўка захопнікаў ваюе супраць украінцаў на Бахмуцкім напрамку. Паводле яго слоў, гаворка ідзе пра 25 тыс. 600 чалавек асабовага складу, 65 танкаў і 450 адзінках бронемашын, 154 адзінкі ствольнай артылерыі і 56 рэактыўных сістэм залпавага агню.

Аналітыкі інфармацыйна-кансалтынгавай кампаніі Defense Express падлічылі, што тут суадносіны выглядаюць як 1 артылерыйская сістэма на 121 расіяніна, і гэта таксама тлумачыць тое, чаму захопнікі аддаюць перавагу выкарыстоўваць танкі ў якасці «самаходных гармат» для вядзення агню з закрытых пазіцый. Мяркуючы па колькасці бронемашын, рота расійскай арміі падчас атакі можа разлічваць на падтрымку максімум 1-2 бронемашын.

Праціўнік сутыкнуўся з тым, што на бахмутском напрамку ў яго ўжо не хапае сіл і сродкаў для падтрымкі бесперапыннасці ўдараў.

Паводле інфармацыі каардынатара групы «Інфармацыйны супраціў» Канстанціна Машаўца, цяпер у войсках праціўніка на тэрыторыі Украіны знаходзяцца 1 тыс. 764 танкі, 4 тыс. 289 бронемашын, амаль 3 тыс. адзінак ствольнай артылерыі і 870 адзінак самаходных гармат. Гэтыя лічбы выглядаюць унушальна, але калі размеркаваць гэтыя сілы праціўніка на 1 тыс. 300 кіламетраў фронту, то на кіламетр прыходзіцца толькі адзін танк, тры бронемашыны і тры адзінкі ствольнай і ракетнай артылерыі.

Намеснік міністра абароны Украіны Аляксандр Паўлюк прыводзіць лічбы, паводле якіх цягам красавіка гэтага году Узброеныя сілы Украіны знішчылі амаль 17 тыс. жывой сілы, 84 танкі, 211 адзінак бронемашын, 238 артылерыйскіх сістэм і 17 САУ праціўніка. Гэта, у прынцыпе, эквівалент той варожай групоўкі, якая зараз спрабуе ўзяць Бахмут, паведамляе Gazeta Wyborcza.

вс