Мы працягваем пастаянны кантакт, размаўляем пра рэпарацыі з міністрамі нямецкага ўрада і дэпутатамі Бундэстага. Гэта працэс усведамлення нямецкіх уладаў, каб яны нарэшце зразумелі, што ваенныя рэпарацыі – гэта абсалютны прыярытэт для польскага ўрада, кажа ў размове з тыднёвікам Gość Niedzielny намеснік міністра замежных спраў Польшчы Аркадыюш Мулярчык.
«Можна сказаць, што мы на этапе папярэдніх перамоваў. Пэўная частка палітычнага класа ў Германіі пачынае разумець, што гэта сур'ёзнае пытанне ў міжнародных адносінах», – сказаў палітык. Паводле яго, гэта працэс, які будзе працягвацца яшчэ некалькі тыдняў, а можа, і месяцаў, перш чым немцы зразумеюць, што пытанне трэба вырашыць.
«Для гэтага і праводзяцца перамовы. Ужо пацверджаны мой візіт у Берлін 22 траўня, дзе я правяду сустрэчы з дэпутатамі і прадстаўнікамі ўсіх палітычных партый гэтай краіны, а таксама з кіраўніцтвам замежных спраў Бундэстага. Германія тэстуе польскі бок – наколькі мы рашуча настроены, наколькі гэтая праблема важная для нас, ці можна яе перачакаць», – лічыць Мулярчык.
Паводле яго, нямецкія эліты не ўсведамляюць, як вялікія страты пацярпела Польшча ад немцаў і што за гэта яна не атрымала ніякай кампенсацыі. Менавіта таму трэба сустракацца і размаўляць з нямецкім бокам па гэтай справе.
«Думаю, яны паступова расплюшчваюць вочы, таму што многія з іх не ведаюць, што рабілі іх продкі, жывуць упэўненасцю, што ўсё ў парадку і справа закрыта», – адзначыў Мулярчык.
Палітык не выключае магчымасці, каб у рамках ваенных рэпарацый, немцы, напрыклад, адбудавалі Саксонскі палац у Варшаве.
аз