Газета The Sun са спасылкай на крыніцу ў Мінаабароны Вялікабрытаніі паведамляе, што караблі ВМФ Расіі падыходзілі блізка да брытанскіх берагоў. Паводле разведкі, расіяне нібыта праводзяць вучэнні, але журналісты мяркуюць, што яны спрабуюць прадэманстраваць сваю сілу перад каранацыяй Карла ІІІ, піша Gazeta Wyborcza.
Крыніцы газеты паведамляюць, што пяць расійскіх баявых караблёў і два дапаможныя, якія знаходзяцца ў брытанскіх водах, нясуць крылатыя ракеты «Калібр». «Нам вядома пра пэўную лічбу расійскіх караблёў, якія праводзяць вучэнні вакол Вялікабрытаніі, і мы ўважліва сочым за сітуацыяй», – паведамілі брытанскія вайсковыя крыніцы.
У адказ Вялікабрытанія вырашыла адправіць фрэгат, узброены супрацькарабельнымі ракетамі, для назірання за расійскімі караблямі. Таксама каралеўскі ВМФ разам з нарвежскімі і амерыканскімі саюзнікамі паднялі ў паветра марскі патрульны самалёт Poseidon P-8.
«Каралеўскі флот накіраваў ваенны карабель для назірання за расійскай марской групай, якая знаходзіцца ў небяспечнай блізкасці ад Вялікабрытаніі. Фрэгат адправіўся ў Паўночнае мора для назірання за расійскімі ваеннымі караблямі, здольнымі несці ядзерную зброю, якія спрабуюць прадэманстраваць паказ сілы перад каранацыяй караля», – паведамляе The Sun.
Выданне мяркуе, што вучэнні з клаццанем зброяй праводзяцца наўмысна перад каранацыяй Чарльза, паколькі з гэтай нагоды ў Лондан прыбудзе рэкордная колькасць сусветных лідараў.
У суботу, 6 мая, у Лондане адбудзецца каранацыя Карла III і каралевы-кансорта Камілы. Цырымонія пройдзе ў Вестмінстэрскім абацтве, якое з 1066 года з'яўляецца брытанскай каранацыйнай царквой. Менавіта тут 2 чэрвеня 1953 года адбылася каранацыя Лізаветы II. У мерапрыемстве прымуць удзел члены брытанскай каралеўскай сямʼі, у тым ліку сыны караля, прынцы Уільям і Гары, якія будуць суправаджаць Чарльза.
У цырымоніі таксама прымуць удзел каралеўскія асобы з усяго свету і лідары большасці краін. Аднак дыктатараў Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі сярод гасцей няма. Як паведамляе Reuters са спасылкай на брытанскую ўрадавую крыніцу, у цэлым Вялікабрытанія не запрашала на каранацыю караля кіраўнікоў сямі дзяржаў: Расіі, Беларусі, Ірана, Мʼянмы, Сірыі, Афганістана і Венесуэлы.
вс