Беларуская Служба

Кіраўнік МАГАТЭ: Сітуацыя на Запарожскай АЭС становіцца ўсё больш непрадказальнай

08.05.2023 13:11
«Эксперты МАГАТЭ на месцы па-ранейшаму рэгулярна чуюць гукі абстрэлаў», – гаворыцца ў прэс-рэлізе арганізацыі.
Запорожская АЭС https://twitter.com/rentvchannel/status/1565847073009844226/photo/1

Абстаноўка ў раёне Запарожскай АЭС, якая знаходзіцца пад кантролем расійскіх войскаў, становіцца ўсё менш прадказальнай і патэнцыйна небяспечнай, папярэдзіў генеральны дырэктар Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ) Рафаэль Гросі, піша польскі партал energetyka24.com. Чыноўнік атрымаў інфармацыю аб пачатку вывазу Расіяй жыхароў Энергадара, у арганізацыі пільна сочаць за развіццём падзей у плане патэнцыйнага ўплыву на ядзерную бяспеку. Пры гэтым кіраўнік МАГАТЭ выказаў глыбокую занепакоенасць ростам напружанасці і пагаршэннем умоў, у якіх знаходзяцца супрацоўнікі найбуйнейшай у Еўропе АЭС і члены іх сем'яў.

«Эксперты МАГАТЭ на месцы па-ранейшаму рэгулярна чуюць гукі абстрэлаў, у тым ліку ў пятніцу», – гаворыцца ў прэс-рэлізе арганізацыі, апублікаваным у суботу, 6 траўня. «Агульная сітуацыя ў раёне Запарожскай атамнай электрастанцыі становіцца ўсё больш непрадказальнай і патэнцыйна небяспечнай. Я вельмі занепакоены цалкам рэальнымі рызыкамі ядзернай бяспекі, з якімі сутыкаецца станцыя. Мы павінны дзейнічаць зараз, каб перадухіліць пагрозу сурʼёзнай ядзернай аварыі і звязаныя з ёй наступствы для насельніцтва і навакольнага асяроддзя. Гэты буйны ядзерны абʼект павінен быць абаронены», – заявіў Рафаэль Гросі, дадаўшы, што МАГАТЭ працягне настойваць на прыхільнасці ўсіх бакоў дасягненню жыццёва важнай мэты – гарантаванні бяспекі АЭС.

У МАГАТЭ таксама ўказалі, што ў апошнія дні ў яе экспертаў не было магчымасці наведаць ЗАЭС. Аднак яны атрымалі інфармацыю, што вываз жыхароў Энергадара зʼяўляецца часткай шырэйшай аперацыі па «эвакуацыі насельніцтва» Запарожскай вобласці, аб якой расійская акупацыйная ўлада абвясціла 5 траўня. Нагадаем, усе шэсць рэактараў Запарожскай АЭС зараз спынены.

Украінскі вясновы контрнаступ, якія імаверна пачнецца неўзабаве, хутчэй за ўсё, прыпадзе менавіта на Запарожжскую вобласць, каля 80 % якой акупаваныя расійскімі захопнікамі.

эж


Украіна запрашае міратворцаў ААН на Запарожскую АЭС

04.01.2023 18:41
Міратворчыя сілы ААН стануць спосабам пакласці канец расійскаму кантролю над станцыяй.