Беларускія і расійскія перавозчыкі, якія зарэгістравалі фірмы ў Польшчы, каб абыходзіць заходнія санкцыі, могуць беспакарана адбіраць працу ў палякаў. Міністэрства інфраструктуры паясняе, што ў згаданых кампаніях прайшлі праверкі, але іх наступствы невядомыя, паведамляе старонка wp.pl.
Уладальнікі польскіх транспартных кампаній арганізавалі акцыю пратэсту ў Карошчыне (Люблінскае ваяводства), блакуючы рух на адзіным таварным памежным пераходзе з Беларуссю. Некалькімі днямі раней яны блакавалі польска-ўкраінскі пераход у Дарагуску.
«Мы дамовіліся з паліцыяй, што будзем прапускаць крыху больш машын, каб чарга не даходзіла да горада Белая Падляшска, паколькі гэта ўскладніла б жыццё жыхароў, а мы гэтага не хочам», – сказаў Каміль Амброзяк, адзін з арганізатараў блакады тэрміналу ў Карошчыне.
Перавозчыкі падкрэсліваюць, што змагаюцца за захаванне працоўных месцаў. Яны патрабуюць спыніць працу ў Польшчы часткі беларускіх і расійскіх кампаній. У лютым яны перадалі чыноўнікам спіс з 63 «сумнеўных» прадпрыемстваў. Спіс быў складзены на аснове афіцыйных звестак з рэестраў польскага ДАІ.
Праверкі пачаліся ў сакавіку. Аднак, паводле польскіх перавозчыкаў, чыноўнікі не адказалі на самае важнае пытанне, то бок, якія іх вынікі. Пратэстоўцы расчараваныя фактам, што пяць установаў не знайшлі спосабу, як разабрацца з «хітрунамі» з Беларусі і Расіі.
«Яны надалей дзейнічаюць. У нас няма сігналаў, што чыноўнікі з Міністэрства інфраструктуры збіраліся нешта з гэтым рабіць. Да 29 траўня будзем працягваць блакады. Мы плануем блакаваць КПП «Будзіска» на польска-літоўскай мяжы, праз які таксама пераязджаюць расійскія і беларускія фуры. «Будзіска» – гэта настолькі важны пункт для ЕС, што наш голас павінен дайсці да чыноўнікаў у Бруселі», – кажа ў размове са старонкай wp.pl Каміль Амброзяк.
аз