Беларуская Служба

Уладзімір Зяленскі: «Я не лічу, што Беларусь – гэта Расія»

15.05.2023 13:18
Апошнімі днямі Уладзімір Зяленскі наведаў некалькі еўрапейскіх краін: Італію, Ватыкан, Германію, Францыю, сёння знаходзіцца ў Вялікабрытаніі.
Аўдыё
  • Уладзімір Зяленскі: «Я не лічу, што Беларусь – гэта Расія»
Святлана Ціханоўская і Уладзімір Зяленскі падчас уручэння прэміі Карла Вялікагафота: фэйсбук С.Ціханоўскай

У Італіі Уладзімір Зяленскі выказаўся пра Беларусь. Беларусы гэтыя словы слухалі вельмі ўважна, паколькі адносіны беларусаў і ўкраінцаў, як міжлюдскія, так і на ўзроўні ўкраінская ўлада-апазіцыя, дастаткова няпростыя. У прэзідэнта Зяленскага запыталіся пра Беларусь, а менавіта, ці лічыць ён яе Расіяй:

-Я не лічу, што Беларусь – гэта Расія. Расія робіць усё, каб зрабіць з Беларусі частку Расіі. Нават не так, яны іх не паважаюць. Каб зрабіць яе часткай Расіі, каб там усім кіраваць, узброенымі сіламі, бо ў іх там ужо шмат у якіх інстытуцыях ужо ёсць свае людзі, якія кіруюць тымі ці іншымі працэсамі.

Але людзі, больш за 70% людзей, насельніцтва Беларусі, сёння супраць Расіі, якія засмучаныя вайной, якія падтрымліваюць Украіну. І гэта ўжо вялікая розніца. Гэта сведчыць аб тым, што нягледзячы на інфармацыйную палітыку, нягледзячы на якія-небудзь наратывы, беларусы змагаюцца. Яны змагаюцца. Гэта цяжка, калі па тэлебачанні, у інтэрнэце, у газетах кажуць, што Расія – твой брат, а Украіна – вораг. Цяжка жыць у гэтым наратыве, але яны змагаюцца, і я лічу, што беларускае грамадства застанецца незалежным. Гэта складана, гэта таксама вайна: у іх няма ахвяр, але ёсць страчаныя людзі, якім прамылі мазгі. Гэта таксама вайна, таксама вайна за незалежнасць, за свабоду слова, свабоду выбару. Гэта вялікая вайна за тыя самыя каштоўнасці. Таму яны разумеюць, што яны могуць быць наступнымі, людзі дакладна там разумеюць. Яны, Малдова, ці краіны Балтыі – хто наступны? Яны змагаюцца, ім цяжка.

Гэта вельмі важныя словы падтрымкі і матывацыі для беларусаў, каментуе словы Уладзіміра Зяленскага кіраўнік НАУ Павал Латушка. Паводле яго, гэта таксама чарговыя словы пра тое, што без Беларусі немагчыма забяспечыць бяспеку ў Еўропе:

-Гэта вялікая падтрымка для нашага змагання за незалежнасць і свабоду. Гэта сігнал для ўсіх нас, у Еўропе і за акіянам, што без Беларусі немагчыма забяспечыць бяспеку ў Еўропе. Таксама важна звярнуць увагу на заяву Олафа Шольца, якую ён зрабіў падчас знаходжання Уладзіміра Зяленскага ў Берліне. Ён вярнуўся да размовы з Уладзімірам Пуціным напярэдадні вайны, 15 лютага 2022 года. Падчас той размовы Пуцін яму сказаў, што Беларусь і Украіна не павінны быць самастойнымі дзяржавамі. Гэта таксама выклік для Еўропы. Для нас, беларусаў, вельмі важна пачуць словы падтрымкі ў нашай барацьбе за незалежнасць і свабоду нашай краіны. Але мы павінны зразумець, што нашая свабода і незалежнасць перад усім залежаць ад нас.

У нямецкім Аахэне Уладзіміру Зяленскаму ўручылі прэстыжную еўрапейскую прэмію імя Карла Вялікага. У мінулым годзе яе лаўрэатамі былі Святлана Ціханоўская, Марыя Калеснікава і Вераніка Цапкала.

-Еўропа, Украіна прапануе вам перамогу, якая скончыцца мірам, – заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі пасля атрымання прэміі імя Карла Вялікага ад сябе і ўсяго ўкраінскага народа. -Еўропа не павінна быць месцам, дзе амбіцыі тыранаў ламаюць жыццё народаў. І таму мы павінны перамагчы.

ав

слухайце аўдыё