Беларуская Служба

Украіна вяла сакрэтныя перамовы з Беларуссю

17.05.2023 10:41
Паводле кіраўніка ўкраінскай ваеннай выведкі, спыненне абстрэлаў з тэрыторыі Беларусі – вынік «комплексных дзеянняў» украінскага боку.
Сцяг УкраіныPhoto:1966666/pixabay.com/CC0 Public Domain

Кіраўнік украінскай ваеннай выведкі паведаміў, што Украіна вяла сакрэтныя перамовы з Беларуссю. Кірыл Буданаў паясніў, што перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам па даручэнні ўкраінскіх спецслужбаў вёў дэпутат Яўген Шаўчэнка, паведамляе старонка Do Rzeczy са спасылкай на «Украінскую праўду», якая нагадвае, што Шаўчэнку выключылі з прэзідэнцкай партыі «Слуга народу» за сімпатыі да Лукашэнкі.

«Мы выкарыстоўваем яго кантакты, яго сувязі. Мы ніколі не трымалі гэта ў сакрэце. Ён эфектыўны ў гэтым працэсе. Скажам так, спадар Шаўчэнка нам даўно дапамагае», – пацвердзіў кіраўнік украінскай вайсковай выведкі.

Паводле Буданава, факт, што з тэрыторыі Беларусі доўгі час не праходзіў абстрэл тэрыторыі Украіны – гэта вынік «комплексных дзеянняў» розных украінскіх сіл. Ён лічыць, што Пуцін канчаткова страціў надзею на тое, што яму ўдасца ўцягнуць Лукашэнку ў вайну з Украінай.

«Любім мы яго ці не, але Лукашэнка не ідыёт. І ён не хоча паўтору з 24 лютага 2022 года, калі, насамрэч, яго меркаванне не бралася пад увагу. Ён зрабіў высновы. Я гэта бачу, як усе бачаць», – заявіў Буданаў.

Паводле яго, камунікацыя з Лукашэнкам адбываецца па розных каналах. «Мы задзейнічалі ўсе магчымыя сродкі сувязі, усе магчымасці, якія ў нас былі. Мы нават прыцягнулі дэпутата – гэта таксама праўда. Усё гэта дзеля таго, каб Беларусь не была ўцягнутая ў гэтую вайну. І калі расійскія вайскоўцы былі спыненыя і пачалі адступаць, гэтая камунікацыя мела вырашальнае значэнне для прадухілення новых спроб нападу на Украіну з беларускай тэрыторыі. Час паказаў, што пакуль гэта ў нас атрымліваецца», – адзначыў кіраўнік украінскай ваеннай выведкі.

аз