Беларуская Служба

Брытанскі «забойца бункераў» Storm Shadow можа змяніць правілы гульні на ўкраінскім фронце

18.05.2023 20:58
Працы па адаптацыі МіГ-29 пад ракеты Storm Shadow пачаліся нейкі час таму і праходзілі ў Польшчы.
Аўдыё
  • Брытанскі “забойца бункераў” Storm Shadow можа змяніць правілы гульні на ўкраінскім фронце
Tornado GR4 RAF      Storm Shadow
Tornado GR4 RAF нясе пад фюзеляжам дзве ракеты Storm Shadowcommons.wikimedia.org/Geoff Lee/Royal Air Force/Open Government License

Неўзабаве можа змяніцца ход вайны ва Украіне. Справа ў тым, што Вялікабрытанія пацвердзіла пастаўку Украіне дальнабойных ракет Storm Shadow, якія лічацца асабліва эфектыўнымі супраць бункераў і лагістыкі. Дарэчы, магчыма, што зброя ўжо выкарыстоўваецца на фронце, бо пра гэта неафіцыйна паведамілі СМІ са спасылкай на заходнія крыніцы.

Міністр абароны Вялікабрытаніі Бэн Уолес 11 мая пацвердзіў інфармацыю СМІ аб пастаўках Украіне дальнабойных ракет Storm Shadow, якія, паводле яго слоў, паспрыяюць украінскай арміі ў выцясненні расійскіх сіл з тэрыторыі Украіны. Многія аглядальнікі ўжо прагназуюць, што гэтае рашэнне Лондана зменіць правілы гульні на полі бою і звяртаюць увагу на тэхнічныя характарыстыкі гэтых ракет.

Storm Shadow – высокадакладная крылатая ракета вялікай дальнасці паветранага базавання сумеснай брытанска-французскай распрацоўкі. Дальнасцю дзеяння – прыкладна 250 км. Ракета здольная несці боепрыпас вагой прыкладна 450 кг. Яна падобная па характарыстыках з амерыканскімі ATACMS наземнага базіравання.

Эксперты звяртаюць увагу, што гэта дарагая зброя, прызначаная для паражэння стратэгічных цэляў. Кошт такой ракеты ацэньваецца ў 2 млн 200 тыс. фунтаў стэрлінгаў.

Але на днях з’явілася інфармацыя, што Украіна ўжо выкарыстала Storm Shadow, атрыманыя ад Вялікабрытаніі, для ўдараў па расійскіх цэлях. Пра гэта тэлеканалу CNN паведамілі два амерыканскія чыноўнікі і адзін еўрапейскі. Праўда, крыніцы CNN не ўдакладнілі, калі менавіта і для ўдараў па якіх цэлях украінскі бок выкарыстаў Storm Shadow. Міністэрства абароны Украіны ад каментарыяў адмовілася.

Украінскі вайсковы эксперт, палкоўнік Узброеных сіл Украіны ў запасе Раман Світан гаворыць, што такая ракета патрэбная Украіне для таго, каб паўстрымаць захопнікаў.

Эксперт звяртае ўвагу на тое, што Storm Shadow – гэта вельмі сучасная зброя, прычым збіць такую ракету вельмі цяжка. Ускосна ён таксама пацвярджае інфармацыю пра тое, што ўкраінцы ўжо выкарыстоўваюць брытанскую распрацоўку.

Раней адмыслоўцы зазначалі, што выкарыстоўваць Storm Shadow будзе складана ва ўкраінскіх умовах, паколькі брытанскія ракеты кампатыбільныя з самалётамі заходніх узораў. Аднак, аказваецца, што ўкраінцы навучыліся падвешваць ракеты на самалёты савецкай і расійскай вытворчасці, напрыклад, на МіГ-29.

Дарэчы, паводле неафіцыйных паведамленняў з экспертных крыніц, працы па адаптацыі МіГ-29 пад ракеты Storm Shadow пачаліся нейкі час таму і праходзілі ў Польшчы.

Storm Shadow – адносна новая распрацоўка. На ўзбраенне яе прынялі ў 2002 годзе. З таго часу гэтыя ракеты сябе добра зарэкамендавалі і ўжо не раз выкарыстоўваліся ў аперацыях брытанскіх паветраных сіл, у прыватнасці, у Іраку, Лівіі і супраць баевікоў «Ісламскай дзяржавы» ў Сірыі. Брытанская авіяцыя для ўдараў па бункерах лівійскага дыктатара Муамара Кадафі ў Сірце ў 2011 годзе паспяхова выкарыстоўвала менавіта ракеты Storm Shadow.

вс

слухайце аўдыёфайл