Беларуская Служба

Еўропа рыхтуе больш санкцый супраць Расіі

23.05.2023 09:11
У Бруселі прайшла сустрэча кіраўнікоў дыпламатыі краін ЕС. Адной з тэм стала пытанне ўзмацнення санкцый супраць Крамля.
Аўдыё
  • Еўропа ўзмацняе санкцыі супраць Расіі
Ілюстрацыйны здымакEuropean Union

У панядзелак у Бруселі адбылася сустрэча міністраў замежных спраў ЕС. Адной з тэм сталі чарговыя санкцыі супраць Расіі. Размова таксама ішла аб павелічэнні фонду ўзбраення Украіны. Міністр замежных спраў Літвы Габріэлюс Лансбергіс заявіў, што ЕС не можа зацягваць увядзенне санкцый.

- Мы не можам спазніцца з санкцыямі, гэта справа верагоднасці ЕС. Сёння важна рухацца наперад таксама і з беларускім пакетам, калі мы сур'ёзна падтрымліваем беларускую апазіцыю і палітвязняў не праз допісы ў Twitter, а праз палітычныя дзеянні. Мы прапанавалі пакет санкцый на 200 мільёнаў еўра, а пакет з выключэннямі - на 8 мільярдаў еўра.

Шведскі міністар зазначыў, што ЕС зможа дасягнуць кампрамісу. Над адзінаццатым пакетам санкцый супраць Расіі зараз ідзе праца ў Еўрасаюзе. Асноўная ідэя - не дапусціць абыходу ўжо ўведзеных абмежаванняў і запоўніць прабелы. Пакуль ЕС вядзе перамовы, бачна, што Расія толькі па нафце не атрымала прыкладна 40 мільярдаў долараў у гадавы бюджэт за кошт эмбарга і абмежавання па цэнах набыцця.  Дарадца Офіса Прэзідэнта Украіны Уладзіслаў Уласюк у эфіры Тэлемарафона паведаміў, што санкцыі ўплываюць і на іншыя сектары Расіі.

- Прыняцце санкцый займае больш часу, чым хацелася б, але гэта прыводзіць да тых добрых вынікаў, якія мы бачым. Гэта значыць, па брыльянтах размова будзе ісці аб мінімум 3 мільярдах у год, плюс чарговы ўдар па рэпутацыі. Па каштоўных металах гэта зноў такі будуць 2, 3, 4 мільярды ў год, у залежнасці ад маштабу забароны.

Яшчэ адной тэмай абмеркавання на сустрэчы міністраў замежных спраў ЕС стала павелічэнне фонду ўзбраення Украіны. З мінулага года краіны-пастаўцы зброі могуць патрабаваць кампенсацыі. Пакуль сума, выдзеленая на кампенсацыю, складае каля 5 мільярдаў еўра. Вярхоўны прадстаўнік ЕС па знешняй палітыцы Жазэп Барэль на мінулым тыдні папрасіў еўрапейскія ўрады павялічыць фонд яшчэ на 3,5 мільярда еўра.

Еўрапейскія міністры не абмінулі ўвагай і сітуацыю ў Беларусі. Міністр замежных спраў Францыі Катрын Калёна запатрабавала вызвалення палітвязняў рэжымам Лукашэнкі.

- У свеце адбыўся Дзень салідарнасці з палітвязнямі ў Беларусі. Гэта нагода заявіць яшчэ раз пра адданасць Францыі правам чалавекам і права на абарону. Францыя патрабуе неадкладнага вызвалення без аніякіх умоў усіх палітычных вязняў.

У Беларусі больш за 1500 чалавек за кратамі за свае палітычныя меркаванні.

Юры Ліхтаровіч