Беларуская Служба

Вашынгтон не выявіў прыкмет таго, што Расія рыхтуецца прымяніць ядзерную зброю

26.05.2023 13:04
ЗША рашуча асуджаюць расійска-беларускую здзелку аб ядзернай зброі.
 .
Ілюстрацыйны здымак.фота: Новы час/https://novychas.online/palityka/ci-z-javicca-jadzernaja-zbroja-u-belarusi-kreml-p

Партал Niezalezna.pl закранае тэматыку размяшчэння расійскай ядзернай зброі ў Беларусі. Злучаныя Штаты не маюць намеру мяняць сваю пазіцыю, – заявіў прэс-сакратар Дзярждэпартамента ЗША Мэцью Мілер. Ён падкрэсліў, што ЗША рашуча асуджаюць расійска-беларускую здзелку. І дадаў, што Вашынгтон, аднак, не выявіў прыкмет таго, што Расія рыхтуецца прымяніць ядзерную зброю.

«Гэта свежы прыклад безадказных паводзін, якія мы бачым з боку Расіі з моманту яе поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну больш за год таму», – сказаў Мілер, паўтарыўшы папярэджанне Вашынгтона, што выкарыстанне хімічнай, біялагічнай або ядзернай зброі ў канфлікце ва Украіне мела б «сурʼёзныя наступствы».

Крэмль паведаміў аб падпісанні з Мінскам пагаднення аб размяшчэнні ў Беларусі ядзернай зброі. Ядзерныя боегалоўкі будуць захоўвацца ў спецыяльным памяшканні, будаўніцтва якога плануецца завершыць крыху больш чым праз месяц. Аляксандр Лукашэнка заявіў, што перадача тактычнай ядзернай зброі з Расіі ў Беларусь ужо пачалася.

У сваю чаргу кіраўнік Камітэту нацыянальнай абароны польскага Сейму Міхал Ях (Michał Jach) выказаў сумневы ў праўдзівасці гэтых заяваў. «Давер да Лукашэнкі такі ж, як і да Пуціна, гэта значыць, ніякі», – ацаніў ён. «Я не разумею, чаму гэтае ўзбраенне было б важна перамясціць на трыста кіламетраў у Беларусь», – дадаў ён.

нг