Беларуская Служба

Нож у спіну Салаўёва: дачка расійскага прапагандыста адкрыта крытыкуе вайну

30.05.2023 13:04
«Я хачу, каб вы ведалі, што Расія – гэта не Пуцін. І не дазваляйце нянавісці перамагчы, таму што гэта тое, што яны спрабуюць зрабіць».
Расійскі прапагандыст Уладзімір Салаўёў youtube.com/24 Канал/screen

Родная дачка аднаго з самых вядомых расійскіх прапагандыстаў Уладзіміра Салаўёва адкрыта крытыкуе вайну і расійскія ўлады. Пры гэтым яна працягвае жыць у Маскве, піша партал Ukraina.pl.

Вясной год таму Кацярына Салаўёва адкрыта казала на камеру пра тое, што ў Расіі забаранілі «вайну называць вайной» і ўвялі вайсковую цэнзуру. У першым відэа яна асудзіла дзеянні Крамля і адзначыла: «Я ні ў якім разе не апраўдваю тое, што робіць гэтая дзяржава».

У другім роліку ў сацыяльных сетках Салаўёва папрасіла англамоўную аўдыторыю не атаясамліваць Расію з яе прэзідэнтам. «Я хачу, каб вы ведалі, што Расія – гэта не Пуцін. І не дазваляйце нянавісці перамагчы, таму што гэта тое, што яны спрабуюць зрабіць», – сказала яна.

У адрозненні ад свайго бацькі, вядомага сваёй радыкальнай мовай варожасці супраць расійскай апазіцыі, Украіны, Захаду, ЛГБТ і прагрэсіўных каштоўнасцяў, Кацярына Салаўёва крытыкуе расійскія ўлады, негатыўна выказваецца пра новыя абмежавальныя законы і заклікае да талерантнасці ў грамадстве.

32-гадовая Кацярына Салаўёва – чалавек публічны. Яна не толькі іграе ў музычным гурце, але і танцуе на маскоўскіх сцэнах ды ставіць феміністычныя спектаклі. Вясной у Маскве дачка тэлевядучага паставіла спектакль «28 дзён» пра стыгматызацыю менструацыі і хатняе насілле. На ліпень запланаваныя яшчэ два паказы, але Салаўёва не ўпэўненая, што яны адбудуцца – яна баіцца, што фемінізм у Расіі прыраўняюць да экстрэмізму.

Каментаваць адносіны з бацькам і сваю творчую дзейнасць Кацярына адмовілася, заявіўшы, што перажывае за бяспеку ўдзельнікаў сваіх праектаў.

Тыдзень таму стала вядома, што прапагандыст Салаўёў мае неафіцыйную сям'ю з баскетбалісткай Святланай Абросімавай. Іх дзеці нарадзіліся ў ЗША і маюць амерыканскае грамадзянства, як і сама Абросімава. Афіцыйна Салаўёў жанаты на іншай жанчыне. Вядома пра яго восем дзяцей ад розных шлюбаў, паведамляе партал Ukraina.pl.

вс