Беларуская Служба

Польшча прапанавала Лукашэнку здзелку – дыктатар адмовіўся

30.05.2023 15:03
Была толькі адна ўмова: кіраўнік МЗС Беларусі меў прывезці на сустрэчу з палякамі Пачобута.
Міністэрства замежных спраў Польшчы Фота: msz.gov

У панядзелак афіцыйная Варшава ўвяла чарговыя санкцыі супраць беларускага рэжыму за тое, што Вярхоўны суд Беларусі пакінуў у сіле прыгавор васьмі гадоў турмы журналісту і дзеячу польскай нацыянальнай меншасці ў Беларусі Андрэю Пачобуту. Але перад гэтым прапанавала дыктатару здзелку, паведамляе партал wp.pl.

Польшча яшчэ раней рабіла захады для вызвалення Пачобута, прапануючы здзелку. Пра гэта, дарэчы, у агульных словах гаварыў міністр замежных спраў у Сейме ў красавіку. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, Варшава тройчы прапанавала сустрэчу міністраў замежных спраў Беларусі і Польшчы. Спатканне кіраўніка МЗС Беларусі з прадстаўніком дэмакратычнай краіны магло б дапамагчы беларускаму рэжыму ў мінімальным паляпшэнні вобразу на міжнароднай арэне. Была толькі адна ўмова: кіраўнік знешнепалітычнага ведамства меў прывезці на сустрэчу з палякамі Пачобута.

Дзве прапановы Варшавы Мінск адкінуў, а на трэцюю Польшча не атрымала адказу ўвогуле, бо памёр тагачасны міністр Уладзімір Макей. Больш за тое, перамовы з беларускім рэжымам дапамагалі Польшчы весці краіны, якія маюць лепшыя адносіны з Мінскам. Называюцца Казахстан, Азербайджан і Арменія. Вынікам дыпламатычных перамоў стала вызваленне трох дзяячак польскай нацменшасці ў Беларусі, у тым ліку Анжалікі Борыс. Пры гэтым Польшча заўважае пэўныя дыпламатычныя жэсты з боку рэжыму Лукашэнкі, але яны, паводле Варшавы, далёка недастатковыя, паведамляе партал wp.pl.

вс