Беларуская Служба

Польшча ў ААН: Расія выкарыстоўвае Запарожскую АЭС як зброю

31.05.2023 12:47
«Нам пашанцавала, што дагэтуль не адбылося ядзернай аварыі», – лічыць кіраўнік МАГАТЭ.
ЗАЭСФота: hutterstock/Olha Solodenko

Расія дэ-факта выкарыстоўвае Запарожскую АЭС як зброю і такім чынам пагражае не толькі Украіне і яе суседзям, але і ўсяму свету, паведаміў амбасадар Польшчы пры ААН Кшыштаф Шчэрскі ў заяве, прадстаўленай у Радзе бяспекі ААН, піша польскі партал energetyka24.com.

«Працягваецца злоўжыванне грамадзянскімі ядзернымі аб'ектамі Украіны і дэ-факта безадказнае выкарыстанне гэтых абʼектаў у якасці зброі, што стварае сурʼёзную праблему ядзернай бяспекі не толькі для Украіны і яе суседзяў, але і для ўсяго свету», – заявіў Шчэрскі ў пісьмовым звароце, прадстаўленым у аўторак, 30 траўня на пасяджэнні Радбезу ААН, прысвечанаму ядзернай бяспецы Украіны.

«Прайшло 37 гадоў пасля трагічнай Чарнобыльскай катастрофы, але для Польшчы, бліжэйшага суседа Украіны, памяць аб гэтай страшнай падзеі яшчэ жывая. Варта падкрэсліць, што мы ўсе павінны зрабіць усё магчымае, каб такая падзея ніколі не адбылася ізноў», – пераконваў польскі дыпламат.

Ён таксама дадаў, што дзеянні Масквы ў Запарожзскай вобласці зʼяўляюцца аднымі з многіх злачынных крокаў Расіі ў сферы зброі і ядзернай энергетыкі. Польскі дыпламат таксама абвінаваціў Расію ў зняважлівым і грэблівым стаўленні да Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі і яго рэкамендацый адносна ЗАЭС.

Кіраўнік МАГАТЭ Рафаэль Гросі падчас дэбатаў у Радбезе ААН, скліканых Швейцарыяй, паўтарыў свой заклік да гарантавання бяспекі Запарожскай АЭС і захавання пяці прынцыпаў, выкладзеных МАГАТЭ, у тым ліку, устрымання ад нападаў на АЭС і з яе тэрыторыі, захавання там зброі і спынення акупацыі станцыі.

«Нам пашанцавала, што дагэтуль не адбылося ядзернай аварыі», – падсумаваў чыноўнік МАГАТЭ.

эж