Нямецкія следчыя выйшлі на след украінцаў, якія нібыта маюць дачыненне да выбуху газаправода «Паўночны паток» (Nord Stream), паведамляе выданне Do Rzeczy. Газета «Suddeutsche Zeitung» са спасылкай на свае крыніцы ў следчых колах паведаміла, што ўкраінскі вайсковец мог быць адным з магчымых удзельнікаў дыверсіі на газаправодзе, аднак доказаў няма.
Летась 26 верасня ў трубаправодных сістэмах Nord Stream 1 і Nord Stream 2 адбыўся выбух і ўцечка газу адначасова ў чатырох месцах. Улады Германіі, Даніі і Швецыі, якія вядуць асобныя расследаванні па гэтай справе, прыйшлі да высновы, што гэта быў сабатаж, але пакуль невядома, хто за гэтым стаіць. Расія лічыць здарэнне «актам міжнароднага тэрарызму», а прэзідэнт Уладзімір Пуцін наўпрост вінаваціць ва ўсім Захад.
СМІ ў Германіі паведамляюць, што нямецкія следчыя ідэнтыфікавалі яхту, якая павінна была выкарыстоўвацца для перавозу выбухоўкі дзеля падрыву газаправодаў. «Suddeutsche Zeitung» паведамляла, што следчыя выйшлі на след украінскага салдата, які пры арэндзе яхты паказаў румынскі пашпарт. Праўда, няма інфармацыі аб тым, што ўкраінскія ўлады ведалі пра намеры падарваць трубы.
Раней амерыканскі журналіст-расследавальнік Сэймур Херш паведаміў, што пад прыкрыццём вучэнняў Baltops вадалазы ВМС ЗША заклалі выбухоўку пад расійскія трубаправоды NS1 і NS2. У тэксце са спасылкай на ананімную крыніцу, гаворыцца, што прэзідэнт ЗША Джо Байдэн асабіста дазволіў аперацыю. У Белым доме гэтыя паведамленні назвалі «поўнай выдумкай».
нг