Беларуская Служба

21 верасня Нагорна-Карабахская Рэспубліка спыніла існаванне

25.09.2023 16:36
Палітолаг Павел Усаў лічыць, што гэтая вайна ўмацуе аўтарытарную сістэму ў Азербайджане, у сваю чаргу Арменія будзе ўсё больш пагружацца ва ўнутраны крызіс. 
Аўдыё
  • Палітолаг пра Нагорны Карабах: На гэтым вайна не скончыцца
Павал Усаў.

Узарвалася чарговая кропка на руінах былога Савецкага Саюза. Пачалася чарговая вялікая хваляй бежанства з Нагорнага Карабаху.

21 верасня пасля праведзенай узброенымі сіламі Азербайджана аперацыі Нагорна-Карабахская Рэспубліка спыніла існаванне.

Зараз у армянскім энклаве пражывае прыкладна 120 тысяч чалавек. Некалькі тысяч ужо ўцяклі з вёсак, якія знаходзіліся ў тыле фронту. Некаторыя з іх схаваліся ў аэрапорце ў Сцепанакерце ў чаканні вылету ў Арменію. Іншыя дабраліся да базы расійскіх міратворцаў, спадзеючыся, што салдаты іх абароняць.

19 верасня 2023 года Азербайджан пачаў ваенны наступ на Нагорны Карабах. 20 верасня 2023 году ўлады рэспублікі заявілі, што гатовыя весці перамовы аб рэінтэграцыі з Азербайджанам, а карабахскае войска прайшло поўнае раззбраенне.

«Бяда ў тым, што мандат на ўрэгуляванне канфлікту і забеспячэнне стабільнасці атрымала Расійская Федэрацыя, расійскія міратворцы якія нічога не рабілі, каб нейкім чынам злагодзіць праблему», – адзначае палітычны аглядальнік Павел Усаў.

- Азербайджан ніколі не пакідаў сваіх амбіцый, каб вярнуць гэтую тэрыторыю. Нагорны Карабах у эканамічным аспекце не развіваўся, гэта была такая закінутая тэрыторыя. У Арменіі не было сваіх рэсурсаў, каб нейкім чынам павысіць узровень жыцця на гэтай тэрыторыі і Арменія ніяк не магла супрацьстаяць мадэрнізаваным сучасным вайсковым сілам Азербайджана, якія атрымлівалі шматбаковую падтрымку з боку Турцыі. Фактычна гэтая вайна была пытаннем часу, калі рэванш Азербайджана будзе рэалізаваны.

Гэтая вайна закладае ў перспектыве ўмовы для новых канфліктаў у гэтым рэгіёне

Павел Усаў лічыць, што гэтая вайна ўмацуе аўтарытарную сістэму ў Азербайджане, і клан Аліевых у прыватнасці. У сваю чаргу Арменія будзе ўсё больш пагружацца ва ўнутраны крызіс.

 - Расія пастараецца скінуць прэм'ер-міністра Нікола Пашыняна. Арменія, каб наагул выратаваць сваё існаванне, павінна выйсці з АДКБ, дамагчыся вываду расійскай базы са сваёй тэрыторыі і звярнуцца да ЗША аб павелічэнні вайсковай прысутнасці на сваёй тэрыторыі. Азербайджан стане інтэнсіўна асвойваць гэтую тэрыторыю. Армянам Нагорнага Карабаха пагражаюць рэпрэсіі з боку азербайджанскіх улад.

Нагадаем, 10 снежня 1991 года армянскае насельніцтва тэрыторыі абвясціла незалежнасць ад Азербайджана і стварэнне Нагорна-Карабахскай Рэспублікі.

У1992–1994 гады працягвалася Карабахская вайна. У 2020 годзе пачаўся канфлікт у Нагорным Карабаху, у выніку якога НКР страціла значную частку тэрыторыі. 21 верасня 2023 Нагорна-Карабахская Рэспубліка спыніла сваё існаванне.

– Гісторыя рэгіёну за апошнія 30 гадоў паказвае, што пабудаваць талерантныя адносіны паміж азербайджанцамі і армянамі тут немагчыма. (…) А гэта значыць, што армян там, у Нагорным Карабаху, не будзе. Хтосьці, верагодна, стане бежанцам у Арменіі, а хтосьці апынецца ў азербайджанскіх турмах, - лічыць Рубен Енікалопаў, армянскі эканаміст з Барселоны.

яс


Больш на гэтую тэму: На руінах імперыі