Беларуская Служба

Палітолаг Яўген Магда: Для Беларусі патрэбная палітычная тактыка «салямі»

26.10.2023 20:35
Ці можна казаць, што свет стаміўся ад украінскіх праблем? А што з Беларуссю, якая ўжо некалькі год у стане зацяжнога палітычнага крызісу, дзе выхад? Задалі гэтыя пытанні дырэктару ўкраінскага Інстытуту сусветнай палітыкі Яўгену Магду, які, да слова, добра абазнаны ў беларускім пытанні.
Аўдыё
  • Ці можна казаць, што свет стаміўся ад украінскіх праблем? А што з Беларуссю, якая ўжо некалькі год у стане зацяжнога палітычнага крызісу, дзе выхад? Задалі гэтыя пытанні дырэктару ўкраінскага Інстытуту сусветнай палітыкі Яўгену Магду.
    ,  iSANS
Дырэктар украінскага Інстытута сусветнай палітыкі, эксперт iSANS Яўген Магдаскрыншот/euroradio.fm

Слухайце размову ў далучаный файле!

– Генсакратар НАТА заяўляў, што Украіне трэба рыхтавацца да доўгай вайны. Саюзнікі стаміліся, у іх не хапае палітычнай волі?.. Як вы ставіцеся да гэтай заявы?

– У адрозненні ад Расіі, заходнія саюзнікі і сама Украіна залежаць ад вынікаў выбараў. Яшчэ можна згадаць, што Украіну пачынаюць падціскаць наконт правядзення выбараў, хаця гэтае пытанне цяпер для Украіны неактуальнае, на маю думку. Для Украіны цяпер важная перамога ў вайне, няма перажыванняў цяпер, што ва Украіне не праведзеныя выбары.

Другое, у наступным годзе будуць выбары ў Вялікабрытаніі ў парламент, будуць прэзідэнцкія і выбары ў кангрэс у ЗША. Таму іх палітыкі ўжо цяпер разглядаюць розныя варыяцыі, можа быць пэўная карэкцыя аб'ёму дапамогі Украіне. Логіка простая – на выбары ідуць з пэўнаю праграмаю. Выйграла, напрыклад, выбары прэмʼера ў Эстоніі Кая Калас з партыі «Рэформаў», а яна ішла з намерам трымаць узровень дапамогі Украіне. Разам з тым у Венгрыі Орбан выйграў выбары вясною 2022 года з ідэяй, што не дазволіць уцягнуць Венгрыю ў вайну паміж Расіяй і Украінай. Гэта прынцып дэмакратыі. І Украіна, і свет мусяць разумець, што гэта найбольш маштабная вайна ў свеце цяпер. Стаіць пытанне, наколькі хутка Украіна зможа аднавіць тэрытарыяльную цэласнасць – першае, а другое, наколькі эфектыўна яна зможа паказаць, што Расія ў цяперашнім выглядзе не мусіць існаваць, яе трэба дэмантаваць.

– Вяртаючыся да тэмы бяспекі ў рэгіёне, размяшчэнне ў Беларусі ядзернай зброі – як гэта змяніла сітуацыю бяспекі, і для Украіны ў тым ліку?

– Ядзерная зброя для ўсіх краін свету – гэта вялікі фактар пагрозы, але па факту выкарыстоўвалася толькі ў 1945 годзе ў Хірасіме і Нагасакі. Астатні час яна была фактарам палітычнага, псіхалагічнага ціску. У Беларусі гэта была комплексная псіхалагічная аперацыя, і з перакідваннем вагнэраўцаў, і з «ігрою» ядзернай зброяй. Але няма стоадсоткава даставернай інфармацыя, што яна сапраўды размешчаная ў Беларусі. Я бачу, што гэта фактар ціску, найперш на Польшчу і Літву.

– Вы падкрэсліваеце, што без дэмакратычнай Беларусі немагчымая архітэктура бяспекі ў Еўропе. Але мы бачым, што ні ў людзей унутры Беларусі, ні ў тых, хто зʼехаў, ні ў палітыкаў Захаду няма інструментаў, каб пераламаць сітуацыю. Усё разгортваецца па кепскаму сцэнару. Што рабіць?

– Трэба пачынаць з усвядомлення таго, што без дэмакратычнай Беларусі няма бяспечнай Еўропы. Мы гэта ўбачылі 24 лютага 2022 года, калі з тэрыторыі Беларусі ўвайшлі расійскія войскі і практычна дайшлі да Кіева. Усе пабачылі, што адбылося ў Бучы, і думаю, гэта не забудуць доўга.

Але змены тут і цяпер немагчымыя, бо ў Беларусі суперпрэзідэнцкая рэспубліка, Лукашэнка 29 гадоў пры ўладзе, сфармаваўся рэжым і гэтак далей. Гэта ўсё праўда. Але тады патрэбная палітычная тактыка «салямі»: санкцыі супраць Беларусі і праграмы для беларусаў, каб яны маглі недзе вучыцца за межамі краінамі, праграмы для грамадзянскай супольнасці, праграмы пабудовы паралельнай структуры.

Беларускія дэмакратычныя сілы мусяць быць у рэжыме «сухога басейну», то бок быць гатовымі да змены ўлады ў краіне, да таго, што дэмакратычныя выбары пасля таго, як Лукашэнка так ці інакш сыдзе з улады, могуць быць выйграныя не дэмакратамі. Неабавязкова. Наступным прэзідэнтам можа быць «Лукашэнка 2. рус», які будзе больш прарасійскім за цяперашняга Лукашэнку.

Трэба шукаць розныя магчымасці. Абʼядноўвацца ў межах Люблінскага трыкутніка, і каб Беларусь была ў цэнтры яго, а не па-за яго межамі. Каб мы гаварылі, шукалі магчымасці, каб былі нейкія перспектывы і спробы дзеянняў, інакш мы можам апынуцца ў сітуацыі, калі змены застануць знянацку.

– Рэжым, які існуе ў Беларусі, гэта крыніца пастаяннага нервовага напружвання ў рэгіёне, але што могуць зрабіць суседнія дзяржавы, апрача таго, што будаваць памежны плот, мініраваць прылеглую тэрыторыю, закрываць памежныя пераходы?

– Санкцыйны рэжым яшчэ не да канца выкарыстаны. Санкцыі – гэта заўсёды востры інструмент, і той, хто іх ініцыюе, дзейнічае і супраць уласных інтарэсаў. Але я думаю, што калі ініцыяваць толькі рэзалюцыі Еўрапарламенту, што мусяць спалохаць Лукашэнку, але пры гэтым не мець спецпрадстаўніка па Беларусі, які можа гаварыць з Лукашэнкам, гэта не вельмі эфектыўна. Заўсёды мусіць быць палітыка пугі і перніка, палітыка ў адным напрамку неэфектыўная.

– Кажаце пра санкцыі, але яны вядуць да таго, што Беларусь закрываецца ад Заходняга свету і ў самых розных сферах усё больш патрапляе пад уплыў Расіі.

– І для Украіны, і для Захаду ёсць адна задача – не ставіць Беларусь і Расію на адну дошку. Можа быць праграма санкцый супраць супрацоўнікаў ГУБАЗіКа і КДБ і новыя праграмы для беларускіх студэнтаў. Іншая справа, што беларуская ўлада будзе рэагаваць на гэта закручваннем гаек. Але на кожнае закручванне гаек таксама можна давай хай і непублічныя сігналы. Трэба гэтым займацца і разумець, што Лукашэнка нявечны і правіць яшчэ пяцьдзясят гадоў ён не будзе, гэта тэхнічна немагчыма. Таму будучыню Беларусі трэба рыхтаваць ужо цяпер.

вх