Беларуская Служба

Наколькі важнае прадстаўніцтва дэмакратычнай часткі беларускага грамадства на такіх форумах як у Давосе

17.01.2024 17:33
У перадачы мы пракаментуем удзел дэлегацыі дэмакратычных сіл на Сусветным Форуме ў Давосе, спрабуем патлумачыць, якая асноўная задача факультатыва «Ваенны пераклад» па англійскай мове ў беларускіх школах, а таксама ці лукашэнкаўскі рэжым робіць «дружалюбны крок» у бок замежнікаў «недружалюбных»краін.
Павал Усаў.

Наш аглядальнік - кандыдат палітычных навук Павел Усаў.

Дэлегацыя беларускіх дэмакратычных сіл у эміграцыі ўдзельнічае ў Сусветным Эканамічным форуме ў Давосе. 17 студзеня на панэлі «Абараняючы адзіны фронт Еўропы» Святлана Ціханоўская выступіць побач з прэзідэнтамі Польшчы, Венгрыі, з палітыкамі Харватыі і Украіны, прыме таксама ўдзел у афіцыйным прыёме Генеральнага сакратара ААН Антоніа Гутэрыша. На міжнародным форуме Святлана Ціханоўская ў чарговы раз нагадвае ўсяму свету, што беларусы гэта не Лукашэнка, што заслугоўваюць еўрапейскую незалежную будучыню. Наколькі важнае прадстаўніцтва дэмакратычнай часткі беларускага грамадства на такіх форумах?

Павел Усаў: На сённяшні момант мы не можам казаць пра нейкія суцэльныя дэмакратычныя сілы Беларусі ў замежжы. Яны вельмі сегментаваныя, ідуць унутраныя спрэчкі. Святлана Ціханоўская ў вачах беларусаў абмяжоўваецца дзейнасцю ўласнай палітычнай групы, якая сканцэнтравалася ў так званым Офісе Святланы Ціханоўскай.
Канешне, з інфармацыйнага пункту гледжання, піяр-дзейнасці такая актыўнасць мае пэўны сэнс, утрымлівае ў фокусе ўвагі дзейнасць самой Ціханоўскай, але як гэта ўплывае на дзейнасць апазіцыйных палітычных структур, на сітуацыю ўнутры грамадства? – сур'ёзнага эфекту гэта не прыносіць.

Такія міжнародныя сустрэчы маюць, хутчэй, «тусовачны характар». Гэта элітарны клуб, дзе сустракаюцца прадстаўнікі розных краін. Тым не менш, калі мы кажам пра Беларусь, нейкіх фундаментальных рашэнняў, гэта не прыносіць. Так, нічога кепскага ў такіх візітах, канешне, няма, але надаваць ім нейкі надзвычайны сэнс, таксама не варта. Ці паехала Ціханоўская туды, ці не паехала, роўным рахункам, гэта на нішто не паўплывала б ні ў Беларусі, ні для беларусаў гэта не прынесла б ніякіх змен.

Не вядома, ці такія візіты персанальна ўзмацняюць аўтарытэт Ціханоўскай у вачах заходніх палітыкаў, але ў рэальнай унутранай палітыцы, чым гэтыя сустрэчы адбіваюцца  – мне цяжка сказаць. Напрыклад, возьмем Літву. Нягледзячы на тое, што Святлану Ціханоўскую прымаюць у Давосе, у ЗША, на міжнародным узроўні, палітыка дыскрымінацыі беларусаў у Літве існуе? – існуе!. То бок, у практычных пытаннях, дзе гэта патрэбна для беларусаў, не заўсёды, амаль ніколі, такія візіты не адбіваюцца. Гэтыя візіты, на жаль, не пераносяцца ў нейкі практычны капітал.

Міністэрства адукацыі РБ зацвердзіла праграму факультатыва «Ваенны пераклад» па англійскай мове для 10-11 класаў. Старшакласнікі будуць не толькі вывучаць ваенны пераклад, але і структуру Узброеных сіл ЗША і Вялікабрытаніі. Таксама будуць вывучаць дыялогі па допытах, і як па знаках адрознення вылучаць амерыканскіх і брытанскіх вайскоўцаў і іх званне. Гэта выглядае ў лепшым выпадку як падрыхтоўка кандыдатаў для шпіянажу, а ў самым горшым – падрыхтоўка да вайны з англамоўнымі краінамі?

Павел Усаў: Не. Я так не лічу, што гэта дзейнасць у такім напрамку. Перш за ўсё, гэта адзін з элементаў прамывання мазгоў, на што накіраваная зараз беларуская адукацыя, то бок, праз вывучэнне мовы ў такім кантэксце ў дзяцей павінен сфармавацца вобраз і бачанне англасаксонскага свету, як варожага. У свой час, такое стаўленне было да нямецкай мовы ў савецкіх школах (...). Цяпер адбываецца вяртанне да тае мадэлі разумення свету, якая існавала ў савецкія часы, калі ствараецца вобраз ворага праз мову і калі мова становіцца інструментам замацавання гэтай варожасці і стаўлення да свету, што таксама сведчыць пра самаізаляцыю краіны.

Раней мову вывучалі дзеля таго, каб паехаць на Захад, інтэгравацца ў замежныя супольнасці. Галоўнай матывацыяй было падарожнічаць. А зараз убіваецца ў галовы, што свет варожы, маўляў, «мова вам будзе патрэбная, каб ледзь не ваяваць, бо там на вас глядзяць як на ворага». Такім чынам ажыццяўляецца задача: сфарміраваць тупы, нерацыянальны статак з беларускіх дзяцей і забіць ім у галовы дэструктыўныя стэрэатыпы варожага Захаду.

Замежнікі з «недружалюбных» краінаў змогуць прадаваць маёмасць у Беларусі, але з умовамі – абавязаны атрымаць дазвол у аблвыканкаме або Менгарвыканкаме і заплаціць. Раней выхад з бізнесаў у Беларусі быў забаронены больш чым для 1,8 кампаній з замежнымі акцыянерамі. Гэта крок насустрач для замежных «недружалюбных» інвестараў ці галоўнае слова, якое тут патрэбна разглядаць – «заплаціць»?

Павел Усаў: Я думаю, што гэта форма канфіскацыі маёмасці. Відавочна, што замежныя бізнесоўцы ўжо не хочуць весці ніякага бізнесу ў Беларусі і з Беларуссю. Беларусь знаходзіцца ў эканамічнай ізаляцыі, магчымасць бізнес-сувязяў цалкам страчана. Аднак жа, проста канфіскаваць маёмасць без падставы, як гэта было ў савецкія часы пасля рэвалюцыі 1917 года, немагчыма, бо гэта можа пацягнуць за сабой санкцыі да кампаній ці прадстаўніцтваў у замежжы. Улады рызыкаваць не хочуць.

Атрымаць можна некалькі мільёнаў ад продажу. Гэта невялікія грошы, але ўсё роўна, грошы. Таму ствараюцца ўмовы, пры якіх, нібы, ёсць дазвол на продаж, але кошты гэтага продажу – акцызы, дазволы будуць каштаваць вельмі дорага і за продаж бізнесу будуць дадаткова плаціць уладам ці цэнтральным, ці мясцовым. Гэта такая дадатковая спроба выцягнуць грошы з замежнікаў. Гэта выключна палітыка, ніякай мэтазгоднасці, а тым больш, жадання палепшыць адносіны з Захадам няма.

Падрыхтвала Яланта Смялоўская

Больш на гэтую тэму: Палітычнае люстэрка