Беларуская Служба

Рэха звяржэння дыктатуры Асада: Ізраіль нанёс удары па цэлях у Сірыі, каб знішчыць небяспечную зброю

09.12.2024 13:07
Рэжым Асада падтрымлівалі Расія і Іран, якога Ізраіль лічыць галоўным ворагам у рэгіёне. А паўстанцы, якія захапілі ўладу ў Сірыі, пераважна з’яўляюцца членамі ісламісцкіх груп.
      .
Ізраільскае войска займае буферную зону з Сірыяй. Фота: PAP/EPA/ATEF SAFADI

Дзясяткі ізраільскіх самалётаў у нядзелю нанеслі авіяўдары па шматлікіх цэлях у Сірыі, каб знішчыць «стратэгічную зброю», якая пасля падзення рэжыму Башара Асада магла б патрапіць у рукі варожых Ізраілю сіл,  — паведамляе Defence24 са спасылкай на Times of Israel.

Атакі былі «вельмі інтэнсіўнымі», паведаміла парталу крыніца ў ізраільскім войску. І дадала, што, акрамя складоў зброі, пад абстрэл трапілі месцы яе вытворчасці і сістэмы супрацьпаветранай абароны.

Як мінімум тры ўдары былі накіраваныя па ўрадавым навуковым цэнтры ў Дамаску, які Іран быццам бы выкарыстоўваў для развіцця ракетнай праграмы,  — піша агенцтва Reuters са спасылкай на мясцовыя крыніцы. Удары нанеслі таксама сур’ёзную шкоду суседняму комплексу службаў бяспекі. Паводле адной з крыніц, была знішчана база вайсковых дадзеных і будынкі каля офісаў вайсковай разведкі.

Раней паведамлялася пра атакі на авіябазы Хальхала на поўдні краіны і Мецца пад Дамаскам. Паводле крыніц, цэллю сталі склады ракет і боепрыпасаў, пакінутыя войскамі Асада.

Улады Ізраіля падкрэслілі, што ўважліва назіраюць за развіццём падзей у Сірыі. Рэжым Асада падтрымлівалі Расія і Іран, якога Ізраіль лічыць галоўным ворагам у рэгіёне. А паўстанцы, якія захапілі ўладу ў Сірыі, пераважна з’яўляюцца членамі ісламісцкіх груп. Вядома, што Сірыя рэалізавала праграмы па распрацоўцы хімічнай і іншай забароненай зброі, ізраільскія чыноўнікі баяцца, што гэтыя сродкі могуць патрапіць у рукі непрадказальных ісламістаў.

У нядзелю ізраільскае войска заняло буферную зону на Галанскіх вышынях. Большасць гэтай тэрыторыі Сірыі была захопленая Ізраілем падчас вайны ў 1967 годзе і анексаваная ў 1981 годзе. Многія краіны свету лічаць гэты рэгіён сірыйскай тэрыторыяй, акупаванай Ізраілем. Землі, падкантрольныя Ізраілю і Сірыі, аддзяляе буферная зона, якая знаходзіцца пад наглядам ААН. Ізраіль заявіў, што займае гэты рэгіён часова ў абарончых мэтах.

нг