У Грузіі працягваюцца акцыі пратэсту пасля заявы ўрада аб прыпыненні працэсу еўраінтэграцыі. Грузіны не згодныя з пашырэннем расійскага ўплыву і абвінавачваюць кіроўную партыю «Грузінская мара» ў выкарыстанні крамлёўскага наратыву ў палітыцы.
Расійская прапаганда прасочвалася ў палітыку Грузіі на працягу многіх гадоў. У апошнія месяцы назіраецца рост дэзінфармацыйнай дзейнасці, накіраванай на тое, каб выштурхнуць Грузію з еўрапейскага шляху развіцця і зрабіць яе залежнай ад Расіі.
«Гэтая дэзінфармацыйная вайна доўжыцца ўжо больш за 30 гадоў, але цяпер яна ўвайшла ў інтэнсіўную фазу», – кажа Польскаму радыё грузінскі палітолаг Гела Васадзэ:
- Гэта расійская прапаганда, але, перш за ўсё, гэта прапаганда «Грузінскай мары». Менавіта яны вывешвалі транспаранты з такімі лозунгамі і ўсюды казалі, што існуе нейкая міфічная партыя вайны. Гэта расійскі прапагандысцкі мем, які ўзяла на ўзбраенне партыя «Грузінская мара». Што тычыцца людзей, якія нібыта ў гэта вераць, то яны павінны выдатна ўсведамляць, што іншай вайны Расія весці не можа, таму што, напрыклад, у Цхінвальскім раёне Расія мае 40 танкаў. Вы думаеце, што з 40 танкамі можна заваяваць Грузію? Вядома, не. Такім чынам яны спрабуюць апраўдацца. Людзі, якія галасавалі за «Грузінскую мару», пераважна бюджэтнікі. Тыя, хто залежыць ад іх рознымі спосабамі, бо сям'я, сябры і гэтак далей. Сёння нават гэтыя людзі ўсё зразумелі. Такім чынам, мы назіраем эрозію дзяржаўнага апарату. Гэтыя людзі зразумелі, што іх падманулі, калі сказалі, што мы не хочам вайны, а ідзём у Еўропу, таму і такая рэакцыя.
Ці могуць грузіны абараніцца ад расійскай прапаганды?
- Не, не могуць, і мы фактычна не можам абараніцца ад любой прапаганды. Правінцыйным нацыям паўсюль характэрная вялікая наіўнасць, а тут яшчэ і паўднёвая наіўнасць і адкрытасць. Санікідзэ даволі цікава сказаў - глядзіце, у сувязі з прапагандай супраць ЛГБТ грузінскія мужчыны сур'ёзна спалохаліся, што ўсіх замуж павыдаюць. Гэта жахліва. Трагікамічна. Гэта яскравы прыклад. Аднак у грузінаў ёсць даволі эфектыўная „прышчэпка” ад уплыву Расіі. Грузінаў немагчыма пераканаць у тым, што ў Расіі ўсё добра пасля таго, што яны бачылі ў яе гісторыі, нават за апошнія 30 гадоў. Пераканаць нас, што з Расіяй усё будзе добра, падаецца вельмі складаным - практычна немагчымым.
Пра ўплыў расійскага наратыву на грамадскую думку Грузіі распавядае і журналістка інтэрнэт-каналу «Сова» Марта Ардашэлія:
- Расійскі наратыў паўтарае «Грузінская мара». Мы параўноўваем заявы і бачым, што часам гэта проста пераклады з дапамогай Google Translate. Яны не вельмі якасныя, але яны працуюць. «Грузінская мара», калі б палічылі сумленна, набрала б на выбарах 30 працэнтаў, максімум 35 працэнтаў галасоў і толькі таму, што выкарыстоўвае такую рыторыку. Яна запалохвае грамадзян, гуляе на іх эмоцыях і страху, маніпулюе імі. У сваю чаргу галоўны страх, які найбольш эфектыўна прасоўвае «Грузінская мара», - гэта страх перад вайной. Па ўсёй Грузіі мы бачылі білборды, падзеленыя на дзве часткі: прыгожая Грузія з аднаго боку і разбураная вайной Украіна - з другога. Ім не сорамна было такім чынам набіраць палітычныя балы перад выбарамі, і вось гэты наратыў спрацаваў. Гібрыдная вайна Расіі ніколі не скончылася. Хачу адзначыць, што з 2008 года, пасля пяцідзённай вайны з Грузіяй, яна пачалася з новай сілай. У Крамлі зразумелі, што грузіны ненавідзяць расійскую мову і не гатовыя слухаць навіны з расійскіх прапагандысцкіх каналаў, таму стварылі выдатныя грузінскія СМІ ці грамадскія арганізацыі, якія на нашай мове распавядаюць тое, што ім кажуць у Крамлі. Гэта выдатна працуе. Гэта лепшае, што Крэмль мог прыдумаць, і Расія гэта ведае і гэтым карыстаецца.
Грузінскі апазіцыйны палітык Дзмітры Цікіцішвілі падкрэслівае, што самі грузіны не настроеныя негатыўна да расасіян, але яны не згодныя на аднаўленне панавання Масквы ў іхным грамадскім, эканамічным і палітычным жыцці:
- Расія не можа паўплываць на грамадскую думку, таму што, скажам так, маргінальных прарасійскіх партый - вельмі мала. Агулам на выбарах яны набіраюць ад 1 да 2 працэнтаў. Гэта пра адкрыта прарасійскія партыі. На жаль, вялікі ўплыў, асабліва ў апошнія гады, расійскія ўлады аказваюць на нашу кіроўную партыю, якая выразна выконвае інструкцыі ці загады з Расіі. Мы бачым, што тыя крокі, якія былі зробленыя ў апошнія гады, то бок акт супраць замежных агентаў ці прыпыненне працэсу ўступлення ў Еўрасаюз, вынікаюць з іх адносінаў з Расіяй, таму што для іх Расія – гэта магчымасць утрымліваць уладу без усялякіх умоваў. Еўрасаюз патрабуе ад кіроўнай партыі, незалежна ад таго, якая яна ёсць, размеркавання паўнамоцтваў, адказнасці, падзелу ўлады. Расія гэтага не патрабуе. Расія можа гарантаваць, што вы будзеце ва ўладзе вечна, як Лукашэнка ў Беларусі, і мы не будзем ад вас патрабаваць ніякіх рэформаў.Таму і атрымліваецца, што нашай эліце больш выгадна супрацоўніцтва з Расіяй. Аднак такім чынам яны наносяць шкоду нацыянальным інтарэсам Грузіі. Я б сказаў коратка - яны здраднікі дзяржавы і нацыянальных інтарэсаў краіны.
Маскоўскі наратыў у апошнія месяцы быў сканцэнтраваны на трох аспектах. Прарасійскія палітыкі і журналісты спрабуюць пераканаць грузінаў, што больш цесныя кантакты з Еўрасаюзам і НАТА прывядуць да вайны з Расіяй. Падчас выбарчай кампаніі кіруючая партыя «Грузінская мара» паказала фатаграфіі рэгіёнаў Грузіі і параўнала іх з разбуранымі вайной украінскімі гарадамі.
Грузінам тлумачылі, што Еўрасаюз і НАТА хочуць выклікаць у Грузіі «рэвалюцыю», каб «каланізаваць» гэтую частку Каўказа. Нарэшце, прарасійская прапаганда выкарыстала прывязанасць грузінаў да традыцыйных каштоўнасцяў і ладу жыцця, палохаючы іх ЛГБТ-рухамі і нібыта дэмаралізацыяй Захаду. Грузінскія незалежныя СМІ і некаторыя няўрадавыя арганізацыі актыўна змагаюцца з прарасійскай дэзінфармацыяй.
аз
Паслухаць матэрыял можна ў рубрыцы: «Увага, фейк! Разбіраемся»