Беларуская Служба

Талібы забараняюць вокны, праз якія можна бачыць жанчын

30.12.2024 13:20
З таго часу, як талібы вярнуліся да ўлады ў Афганістане ў 2021 годзе, жанчыны паступова выцясняюцца з грамадскіх месцаў. 
Афганістанtimsimages.uk/Shutterstock

Лідар талібаў загадаў будаваць новыя жылыя дамы без вокнаў, якія выходзяць на «месцы, дзе звычайна знаходзяцца жанчыны». На яго думку, «выгляд жанчын, якія працуюць» можа прывесці да «непрыстойных дзеянняў», паведамляе gazeta.pl

Заява лідара афганскага талібану была апублікаваная позна ўвечары ў суботу. Чытаем, што ў новабудоўлях не павінна быць вокнаў, праз якія можна было б бачыць «панадворак, кухню, суседскі калодзеж і іншыя месцы, якімі звычайна карыстаюцца жанчыны».

«Выгляд жанчын, якія працуюць на кухнях, у дварах або бяруць ваду з калодзежаў, можа прывесці да непрыстойных дзеянняў», — гаворыцца ва ўказе.

Цяпер улады будуць кантраляваць будаўнічыя пляцоўкі, каб пераканацца, што такіх вокнаў няма. У будынках, дзе яны ўжо ёсць, уласнікам рэкамендавана ўзвесці сцяну або перакрыць выгляд, «каб не ствараць нязручнасцяў суседзям».

З таго часу, як талібы вярнуліся да ўлады ў Афганістане ў 2021 годзе, жанчыны паступова выцясняюцца з грамадскіх месцаў. Талібы забаранілі дзяўчатам і жанчынам атрымліваць адукацыю пасля пачатковай школы, абмежавалі іх магчымасці працаўладкавання і закрылі ім уваход у паркі і іншыя грамадскія месцы. Нядаўна жанчынам забаранілі спяваць і дэкламаваць вершы ў грамадскіх месцах, а некаторыя радыё- і тэлевізійныя станцыі таксама спынілі трансляцыю жаночых галасоў.

яс