Пуцін ды расійскае вайсковае камандаванне не раз хваліліся, што яны ў стане захапіць Кіеў за тры дні. Уварванне ва Украіну ў 2022 годзе мелася стаць такім бліцкрыгам, маленькай вайной з хуткай перамогай. Аднак з пачатку агрэсіі прайшло ўжо 1043 дні, Расія вымушаныя весці ва Украіне павольную ды спусташальную вайну на знясіленне. Становішча украінцаў складанае, але яны працягваюць стрымліваць расіян, зазначае эксперт.
Лінія фронта расцягнулася амаль на 1000 кіламетраў. Паводле дадзеных аналітычнага праекта DeepState, цяпер каля 18% тэрыторыі Украіны акупаваныя Расіяй, гэта каля 3 тыс. населеных пунктаў у Данецкай, Луганскай, Херсонскай і Запарожскай абласцях.
Паводле дадзеных выдання The Wall Street Journal (WSJ), з лютага 2022-га ва Украіне і Расіі ў суме загінулі ды атрымалі раненні каля мільёна чалавек. Большасць з іх - украінскія і расійскія вайскоўцы. Ацэнкі колькасці загінуўшых салдат ва Украіне вагаецца ад 30 да 80 тысяч, каля 400 тысяч маглі атрымаць раненні. З пачатку агрэсіі – Расія страціла ва Украіне прыкладна 785 тысяч салдат.Толькі ў 2024-м годзе агульныя страты перавысілі 420 тысяч чалавек забітымі і параненымі. Гэта значыць, што сёлета расіяне заплацілі самую высокую цану за агрэсію на суседа.
Падсумоўваючы год вайсковыя эксперты зазначаюць, што за мінулы год Украіна змагла стрымліваць расійскія атакі. Мэты так званай спецаперацыі не дасягнутыя. Узброеныя сілы Украіны захапілі частку Курскай вобласці ды працягваюць яе ўтрымліваць. Упершыню летась Украіна пачала наносіць удары ўглыб Расіі амерыканскімі дальнабойнымі тактычнымі балістычнымі ракетамі па вайсковых арсеналах, камандных пунктах ды складах з паліўнымі матэрыяламі.
Сітуацыю на фронце падсумаваў ваенны журналіст Украінскай рэдакцыі Польскага радыё Аляксандр Паціха.
- Самай галоўнай праявай вайны ва Украіне ў 2024-м годзе была сітуацыя на Данбасе. Там украінскі бок вядзе вельмі складаныя баі. Расія працягвае там наступальныя дзеянні. Яны бяруць у атачэнне горад Пакроўск, што сведчыць пра адмову ад лабавых штурмаў. Яны абразаюць шляхі паставак узбраення, камунікацыі ды інфраструктуру. Пры гэтым у мінулым годзе Расія не спыняла «мясныя штурмы», што ў выніку дала рэкордную колькасць страт – 430 тысяч чалавек у 2024 годзе, што адпавядае 36 мотастралковым брыгадам.
Што ў плюс можа сабе ўпісаць Украіна?
- У плюс Украіна можа запісаць сабе аперацыю ў Курскай вобласці, якая была даволі паспяховай. Хаця, на маю думку, яна была не зусім патрэбная. Другі плюс – гэта эфектыўнасць украінскіх дронаў, якія правялі атакі на базы ў Энгельсе, Разані, былі знішчаныя стратэгічныя самалёты. Яшчэ адным поспехам Украіны сталі ўдары па Крыму ды выцісканне расійскага Чарнаморскага флоту ў Наварасійск.
Якія перспектывы ў гэтага канфлікту, перад Новым годам, гучалі заявы пра перамір’е, але яно не наступіла? Ці ёсць для гэтага прадпасылкі?
- На лініі фронту ніякіх змен не адчуваецца. Расія стабільна атакуе з рознай інтэнсіўнасцю. Па канцэнтрацыі сіл бачна, што Расія рыхтуецца да наступу на Запарожскім напрамку. Хутчэй за ўсё гэта адбудзецца ў лютым бягучага года. Далей будзе працягвацца наступ на Данецкім напрамку. Што да перамір’я, баявыя дзеянні могуць быць спыненыя ў любы момант. Варта толькі Крамлю даць загад. Пакуль што няма ніякіх прыкмет запаволення тэмпаў агрэсіі.
Размаўляў Юры Ліхтаровіч