Польскі тыднёвік Polityka апублікаваў тэкст, датычны расследавання знікнення былой спікеркі Каардынацыйнай рады Анжалікі Мельнікавай. Польскім журналістам удалося высветліць, што жанчына, якая 26 лютага выляцела з Варшавы ў Лондан, канчаткова трапіла на Шры-Ланку – брытанская сталіца была толькі транзітным пунктам. Выданне звяртае ўвагу на тое, што Мельнікава можа знаходзіцца ў Беларусі. Polityka спасылаецца на дзве незалежныя ад сябе крыніцы, з якімі журналістам удалося знайсці кантакт.
Выданне звяртае ўвагу на тое, што жанчына ўжо адпачывала на Шры-Ланцы, прычым у кампаніі спартыўнага выгляду мужчыны. Polityka піша, што Анжаліка скрывала свае адносіны з ім, паколькі кантакты з мужчынам, які жыве ў Беларусі, маглі занепакоіць яе калегаў. «Чалавек, які прадстаўляўся «спартоўцам», мог быць супрацоўнікам беларускага КДБ. А апошняя паездка на Шры-Ланку магла быць пасткай спецслужбаў. З вострава без праблем можна трапіць у Расію, а пасля - у Беларусь. Ёсць рэгулярныя спалучэнні і чартарныя рэйсы. Магчыма, Мельнікава села на адзін з гэтых самалётаў — па ўласным жаданні, пад прымусам ці ў выніку шантажу», - піша тыднёвік.
Polityka паведамляе, што экс-спікерка Каардынацыйнай рады паказвала сяброўцы, з якой скантактаваліся журналісты, здымак мужчыны і заручальны пярсцёнак, які ад яго атрымала Мельнікава. Яна казала, што мужчына жыве ў Беларусі, ён спартовец і што яна закаханая ў яго.
Тыднёвік піша, што на пачатку бягучага года Мельнікава выглядала прыгнечанай і мала клапацілася пра свой знешні выгляд. На дзень нараджэння Анжалікі ў лютым яе сяброўка выпадкова забрала яе смартфон. «Анжаліка запанікавала. Яна папрасіла адвезці яе да сяброўкі. Сведка інцыдэнту распавёў, што, як толькі яна атрымала свой тэлефон назад, то яна скінула ўсе налады да заводскіх», — паведамляецца ў артыкуле.
Анжаліка Мельнікава на пачатку 2025 года прадала машыну, якая была ўласнасцю яе былога мужа. Пасля ж яе вылету з Варшавы экс-муж выехаў з кватэры, у якой яны працягвалі жыць разам пасля разводу, і 3 сакавіка перасёк мяжу з Беларуссю.
А вось 12 сакавіка на рахунак фонду, які ўзначальвала Мельнікава, прыйшоў грант, аднак неўзабаве грошы былі знятыя — у суме 118 тыс. еўра.
Апошні раз Мельнікаву бычылі 21 сакавіка ў Zoom, яна выглядала стомленай. Абяцала, што прыйдзе ў офіс НАУ 24 сакавіка, але не з'явілася.
Polityka цытуе кіраўнік Нацыяльнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўла Латушку. Ён сказаў польскаму выданню, што апошняе тэкставае паведамленне ад Мельнікавай атрымаў 25 сакавіка а 6:05 раніцы. «Яна напісала, што не прыйдзе на Марш Свабоды (у Варшаве – рэд.). Праўда, Марш Свабоды адбыўся двума днямі раней», — сказаў Латушка. Паводле яго слоў, Мельнікава ведала пра дату марша. У сувязі з гэтым аўтары журналісцкага расследавання робяць выснову, што паведамленне дасылала не Мельнікава.
вс