Беларуская Служба

Сяргей Навумчык: У 1995 годзе Лукашэнка і Масква нанеслі наймацнейшы ўдар па беларускай нацыі

19.05.2025 16:54
Сяргей Навумчык ставіць трагедыю рэферэндуму 1995 года ў адзін рад з нападам Гітлера і чарнобыльскай катастрофай.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". С.Навумчык пра рэферэндум 1995 г.
     1991        1927       . 1994 .
Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь узору 1991 года і Дзяржаўны герб Беларускай ССР узору 1927 года на будынку Дома ўрада Рэспублікі Беларусь. 1994 год.Public domain.

30 год таму, 14 мая 1995 года, адбыўся першы рэферэндум, праведзены па ініцыятыве Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі. Ён датычыў лёсу беларускай мовы, дзяржаўнай сімволікі і інтэграцыі Беларусі з Расіяй.

На галасаванне былі вынесены чатыры пытанні, з іх тры абавязковыя:

Ці згодны Вы з наданнем рускай мове аднолькавага статусу з беларускай?

Ці падтрымліваеце Вы прапанову аб устанаўленні новых Дзяржаўнага сцяга і Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь? — замест сімвалаў беларускага нацыянальнага руху з рэвалюцыйных 1917–1918 гадоў — бела-чырвона-белага сцяга і герба «Пагоня», што мелі статус дзяржаўных у 1991–1995 гадах.

Ці падтрымліваеце Вы дзеянні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, скіраваныя на эканамічную інтэграцыю з Расійскай Федэрацыяй?

Паводле афіцыйных даных, у спісы грамадзян, якія мелі права ўдзельнічаць у рэферэндуме, было ўключана 7 445 820 чалавек. Бюлетэні для галасавання атрымалі 4 830 582 чалавекі (64,8%). У галасаванні прынялі ўдзел 4 823 482 чалавекі.

За наданне рускай мове статусу дзяржаўнай (да рэферэндуму яна мела статус мовы міжнацыянальных зносін) выказаліся 4 017 273 чалавекі (83,3% ад колькасці ўдзельнікаў галасавання, або 53,9% ад колькасці ўсіх, хто мае права голасу).

За новыя Дзяржаўны сцяг і Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь (фактычна відазмененыя дзяржаўныя сімвалы БССР) выказаліся 3 622 851 чалавек (75,1% ад усіх ўдзельнікаў галасавання).

За падтрымку эканамічнай інтэграцыі з Расійскай Федэрацыяй выказаліся 4 020 001 чалавек (83,3% ад тых, хто прыняў удзел у галасаванні).

Рэферэндум 1995 года спыніў афіцыйна пачатую ў 1990 годзе, яшчэ ў БССР, беларусізацыю і легалізаваў дзяржаўную палітыку русіфікацыі і санкцыянаваў вяртанне Беларусі ў сферу ўплыву Расіі. Зрэшты, з гэтай сферы Беларусь і не паспела выйсці. Аднак з 1995 года прарасійскі курс быў фактычна адобраны большасцю грамадзян, якіх на гэта натхніў першы Прэзідэнт незалежнай  Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Гэты курс ажыццяўляецца і сёння.

Сярод наступстваў рэферэндуму і тое, што большасць беларусаў засталіся людзьмі «русского мира» (хаця тэрмін гэты пашырыўся пасля 2014 года, калі Расія ўпершыню захапіла частку тэрыторыі Украіны), або, як гаворыць Лукашэнка, «русскими со знаком качества», і тое, што афіцыйны Мінск, а таксама частка насельніцтва Беларусі падтрымліваюць расійскую агрэсію супраць суседняй Украіны.

Сяргей Навумчык, які ў 1995 годзе з’яўляўся дэпутатам Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь і адным з тых, хто галасаваў супраць правядзення рэферэндуму, успамінае тыя дні і праецыруе вынік гістарычных падзей на сучаснасць. Яго развагі дапамагаюць зразумець і вытокі трагедыі беларусаў як нацыі, якая засталася на паўдарозе ад залежнасці ад Расіі да сапраўднай незалежнасці, і тое, чаму сучасная Беларусь, як дзяржава, з’яўляецца адным з фактараў нестабільнасці ва Усходняй Еўропы.

— Агульны вынік рэферэндуму па ўсёй Беларусі быў, на вялікі жаль, не на карысць нацыянальнага Адраджэння. Значная частка насельніцтва ўсё ж Лукашэнку падтрымала: людзі проста адмовіліся ад сваёй мовы і нацыянальных сімвалаў. Адбылося ачмурэнне народа. Прайшло трыццаць гадоў, і адчуванні, якія былі ў той дзень, не змяняюцца — як аднаго з самых чорных дзён у нацыянальнай гісторыі. Я думаю, што гэта больш чорны дзень, чым дзень чарнобыльскай катастрофы (26 красавіка 1986 года) ці нават дзень нападу Гітлера на тэрыторыю БССР (22 чэрвеня 1941 год), якая была ў той час у складзе СССР. Рэферэндум 1995 года ў ХХ стагоддзі і ўвогуле ў навейшай гісторыі гісторыі Беларусі стаў самым моцным ударам па нацыі — пераламіў хрыбет нацыі. І чым далей, тым у мяне ўзнікае больш сумненняў, што нацыя здолее адрадзіцца...

У 1995 годзе ўжо многія беларусы, у выніку русіфікацыі папярэдніх дзесяцігоддзяў — яшчэ з часоў Расійскай імперыі, не гаварылі па-беларуску, не чыталі беларускіх кніг і прэсы, не вучыліся і не вучылі сваіх дзяцей у беларускамоўных школах і ВНУ, а жылі ў рускамоўнай інфармацыйнай прасторы, інакш кажучы, у «русском мире». Увогуле, вучоныя часам задаюцца пытаннем, ці былі гэтыя людзі «беларусамі». Бо калі этнографы і мовазнаўцы канца ХІХ — пачатку ХХ ст. класіфікавалі народы Усходняй Еўропы, то беларусаў выдзялялі сярод іх менавіта паводле мовы.


Сяргей Навумчык.
Сяргей Навумчык.

Як з перспектывы трыццаці гадоў Сяргей Навумчык глядзіць на сваіх суайчыннікаў, якія падтрымалі Лукашэнку і яго антыбеларускія і прарасійскія прапановы на рэферэндуме 1995 года?

— Не, ну гэта былі беларусы — па пашпарце... Ці як сказаць? Тады былі і цяпер гэта — беларусы. Пераважная большасць насельніцтва Беларусі лічыцца беларусамі. Іншая справа, што гэта былі ў большасці русіфікаваныя беларусы. Для іх такія паняцці, як «нацыянальныя каштоўнасці», «нацыянальны гонар», «незалежнасць Беларусі», абсалютна не існавалі. Проста большасць народа паказала, што яны — рабы. Вось гэта трэба абсалютна ўсвядоміць, каб ведаць, дзе мы знаходзіліся (у 1995 годзе. — Рэд.) і дзе мы цяпер знаходзімся. Бо сітуацыя не нашмат палепшылася. Большасць насельніцтва задавальняе вось такое існаванне — у рабстве. Вось гэта трэба прызнаць. Гэта было тады. Гэта было шмат дзесяцігоддзяў. Гэта было ў 1994 годзе, калі яны сабе выбралі стаўленіка Масквы (Лукашэнку. — Рэд.). Гэта было ў 1995 годзе, калі яны адмовіліся ад беларускай мовы, нацыянальных сімвалаў, калі пагадзіліся ўвайсці ў склад Расіі. Так, можна гаварыць пра тое, што Масква выкарыстала нізкі ўзровень нацыянальнай свядомасці, нізкі ўзровень палітычнай адукаванасці. Аднак трэба прызнаць, што большасць насельніцтва знаходзілася ў рабскім стане. У такім стане яна засталася і цяпер.

Працягваючы нашу размову, я пацікавіўся ў Сяргея Навумчыка, як ён адносіцца да меркавання свайго тагачаснага старэйшага калегі па Вярхоўным Савеце — дэпутата і вядомага пісьменніка Ніла Гілевіча, што самае галоўнае для нацыі — мова, а ўжо затым — нацыянальныя сімвалы — герб і сцяг.

— Мова, сапраўды, — гэта самае важнае. Бо гэта тое, што выдзяляе любую нацыю. Мова — гэта тое, што фарміравалася стагоддзямі, гэта душа народа. Але я лічу, што нельга супрацьпастаўляць, выбудоўваючы шкалу градацыі, мову і сімволіку — маўляў, вось гэта важна, а гэта не важна. Не. Якраз тады, у 1995 годзе, было важна ўсё. Я, дарэчы, падрыхтаваў новае выданне кнігі «Дзевяноста пяты» — пра той год: першае выданне налічвала 300 старонак, новае — 450 старонак. Рыхтуючы кнігу, я перачытаў стэнаграмы пасяджэнняў Вярхоўнага Савета, свае асабістыя запісы таго часу, прэсу, і пераканаўся яшчэ раз у тым, што прапанова Лукашэнкі на рэферэндуме мела д'ябальскі разлік. Там было ўсё разам — і пытанне нацыянальных каштоўнасцей, я маю на ўвазе беларускую мову, герб і сцяг, і пытанне эканамічнай залежнасці, прывязкі Беларусі да Расіі — эканамічнай інтэграцыі, і пытанне «згортвання» дэмакратыі — права Прэзідэнта распускаць парламент. Ну і Масква, якая гэта ўсё, безумоўна, рыхтавала, і Лукашэнка абсалютна цудоўна разумелі, што знішчыць беларускую мову пры дэмакратычным развіцці Беларусі будзе абсалютна немагчыма. Таму гэта было ўсё ўзаемазвязана. І па гэтай прычыне гэта быў такі моцны, франтальны ўдар, я б сказаў, па некалькіх кірунках. Яны ўзялі нацыю ў жалезныя абцугі — і эканамічныя і палітычныя. Любому свядомаму беларусу было зразумела: гэта знішчыць Беларусь. Ну вось так яно і атрымалася... Я ўсе гэтыя трыццаць гадоў, літаральна з таго першага дня гаварыў: разумееце, у 1995 годзе Лукашэнкам і Масквой быў нанесены самы магутны ўдар па беларускай нацыі.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Сяргей Навумчык: Пры Лукашэнку наступае «русский мир», а беларусізацыя выключана

24.01.2025 13:01
Сяргей Навумчык лічыць, што пасля «выбараў» 26 студзеня ад Аляксандра Лукашэнкі можна чакаць розных крокаў, але толькі не пашырэння сферы выкарыстання беларускай мовы.