4 ліпеня 1950 года з тэрыторыі Заходняй Германіі пачало сваё вяшчанне на еўрапейскія краіны сацыялістычнага лагеру Радыё «Свабодная Еўропа». Цягам многіх гадоў радыёстанцыя была крыніцай альтэрнатыўнай інфармацыі для насельніцтва дзяржаў, якія апынуліся за «жалезнай заслонай». У Польскай Народнай Рэспубліцы «Свабодная Еўропа» была самым папулярным замежным радыё, хоць на польскай мове вяшчалі таксама іншыя краіны.
У 1949 годзе, пасля таго як аформіўся Усходні блок, у ЗША з'явіўся «Камітэт свабоднай Еўропы» – фармальна грамадская арганізацыя, якая ставіла за сваю мэту супрацьстаянне камуністычнай экспансіі.
Фактычна гэта была аперацыя прыкрыцця. «Камітэт свабоднай Еўропы» працаваў пад кантролем Упраўлення палітычнай каардынацыі – падраздзялення нядаўна створанага Цэнтральнага разведвальнага ўпраўлення (ЦРУ), адказнага за сакрэтныя аперацыі за мяжой.
Першапачаткова Радыё «Свабодная Еўропа» і Радыё «Свабода» былі асобнымі арганізацыямі. Першая вяшчала на краіны Варшаўскага дагавору, другая – непасрэдна на СССР. Дарэчы, Радыё «Свабода» было заснаванае пад назвай Радыё «Вызваленне», і толькі ў 1959 годзе атрымала актуальную назву.
Мюнхенская штаб-кватэра радыёстанцыі/Narodowe Archiwum Cyfrowe
У канцы 1960-х высветлілася, што насамрэч абедзве арганізацыі атрымліваюць грошы з ЦРУ, і ў 1971 годзе яны былі пераведзеныя на фінансаванне Кангрэсам ЗША.
Арганізацыя неаднаразова разглядалася некаторымі навукоўцамі як сродак распаўсюджвання амерыканскай прапаганды і інтарэсаў ЗША ў цэлым
Першапачаткова вяшчанне РСЕ вялося на Балгарыю, Чэхаславакію, Венгрыю, Польшчу і Румынію, з 1975 года – таксама на Літву, Латвію і Эстонію.
Польская служба Радыё «Свабодная Еўропа» была заснаваная 3 мая 1952 года і праіснавала да 30 чэрвеня 1994 года. Найбольш вядомым кіраўніком рэдакцыі быў Ян Новак Езяраньскі, які ўзначальваў рэдакцыю ажно 24 гады – з 1952 года да 1976-га. Вось як выглядалі пачаткі рэдакцыі вяшчання на Польшчу.
- У журналістаў Польскай службы, якія сёння сабраліся ля мікрафону, розныя палітычныя і грамадскія погляды, але нас аб’ядноўвае адна мэта. Мы будзем расказваць вам пра падзеі ў свеце, якія савецкі рэжым хоча скрыць, каб знішчыць вашу надзею. Мы раскажам пра ўсе крокі Польшчы на міжнароднай арэне. У эфіры будзем весці барацьбу з русіфікацыяй і саветызацыяй польскай культуры, з дэнацыяналізацыяй нашай моладзі. Мы будзем змагацца з фальсіфікацыяй нашай гісторыі і нашых традыцый, а таксама знаёміць з польскай незалежнай ідэяй, якая знішчаная ў акупаванай краіне, але якая свабодна развіваецца ў вольным свеце.
«Радыё Вызваленне», створанае па вобразе і падабенстве «Радыё Свабодная Еўропа» і на яго інфраструктуры, пачало вяшчанне на рускай мове 1 сакавіка 1953 года. У станцыі адразу ж здарыўся вялікі поспех: 5 сакавіка памёр Іосіф Сталін і асвятленне гэтай падзеі дазволіла радыёстанцыі хутка набраць значную аўдыторыю. Да канца года яна пачала працаваць на 17 мовах народаў СССР. Беларуская служба Радыё «Вызваленне», як і Украінская, выйшлі ў эфір у 1954 годзе.
Jan Nowak-Jeziorański
З самага пачатку галоўная рэдакцыя знаходзілася ў Мюнхене. У 1995 годзе станцыя пераехала ў чэшскую Прагу, дзе працуе і цяпер.
У 1973 годзе дзве радыёстанцыі абʼядналі ў адну і зарэгістравалі як некамерцыйную арганізацыю, афіцыйна фінансаваную з федэральнага бюджэту ЗША. З таго часу фінансавыя сродкі на дзейнасць радыё перасталі паступаць з бюджэту ЦРУ. Тады ж станцыя перастала быць амерыканскім прапагандысцкім органам у прамым сэнсе: ніякія ведамствы афіцыйна ўжо не маглі дыктаваць яму рэдакцыйную палітыку. Зрэшты, фактычна функцыя ідэалагічнай барацьбы ў яго, вядома, засталася.
У такім выглядзе «Радыё Свабодная Еўропа/Радыё Свабода» і праіснавала да 2025 года, калі адміністрацыя Дональда Трампа значна абрэзала фінансаванне.
Цягам дзесяцігоддзяў радыё падрабязна асвятляла найважнейшыя падзеі, якія афіцыйная камуністычная прэса старалася замаўчаць, такія як паўстанне ў Венгрыі ў 1956 годзе, Берлінскі крызіс 1961 года і Пражская вясна 1968 года.
Савецкі Саюз і яго сатэліты, у тым ліку Польшча, імкнуліся глушыць вяшчанне РСЕ/РС, забіваючы радыёэфір перашкодамі. Але гэта не дапамагала: яны ўсё роўна прарываліся, а праслухоўванне Радыё «Свабода» і Радыё «Свабодная Еўропа» ды іншых «варожых галасоў» стала руціннай практыкай мільёнаў савецкіх грамадзян і грамадзян краін сацлагеру – свайго роду рытуалам вальнадумства.
У тыя часы журналісты былі салдатамі ідэалагічнага фронту і, як на кожнай вайне, былі ахвяры. Так, за праграмы на Радыё «Свабодная Еўропа» балгарскія спецслужбы забілі ў 1978 годзе ў Лондане пісьменніка, дысідэнта і журналіста Георгія Маркава.
А вось румынская сакрэтная паліцыя «Секурытатэ» шмат гадоў вяла аперацыю пад кодавай назвай «Эфір» супраць супрацоўнікаў Румынскай службы. Улады здзяйснялі напады на журналістаў і нават ажыццявілі выбух у мюнхенскай штаб-кватэры радыёстанцыі ў 1981 годзе. У выніку быў пашкоджаны будынак радыё і сур’ёзна знішчана некалькі рэдакцый, у тым ліку польская. Паводле паліцыі, 15 кг выбухоўкі знаходзіліся ў аўтамабілі, прыпаркаваным каля галоўнага офісу. Дарэчы, арганізатарам аперацыі па падрыве быў Ільіч Рамірэс Санчэс, ён жа вядомы як Карлас Шакал, якога нанялі для здзяйснення тэракту. Мяркуецца таксама, што менавіта «Секурытатэ» забіла дырэктара Румынскай службы РСЕ Улада Джарджэску ў 1988 годзе.
Пасля грамадска-палітычных перамен у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе частка моўных рэдакцый была зачыненая. Гэта адбылося ў краінах, дзе дэмакратыя не была пад пагрозай. Іншыя ж службы, у тым ліку Беларуская, працягнулі сваю працу.
Валеры Саўко
слухайце аўдыёфайл