Беларуская Служба

Прэзідэнт Дуда памілаваў нацыяналіста Роберта Банкевіча

16.07.2025 14:01
Выказаліся памілаваны, міністр юстыцыі і пацярпелая жанчына.
Роберт БанкевічPawel Wodzynski/East News

Гэтая справа атрымала шырокі рэзананс у польскім грамадстве і палітычных колах.

«Gazeta Wyborcza» тлумачыць, што рашэнне прэзідэнта Анджэя Дуды тычыцца прысуду, вынесенага Банкевічу (Robert Bąkiewicz) за тое, што ён скінуў з прыступак касцёла жанчыну сталага ўзросту вядомую як «бабуля Кася». Гэта адбылося ў Варшаве ў 2020 годзе падчас жаночага пратэсту супраць абмежавання права на аборты. 

У той час нацыяналістычныя групы мабілізаваліся для абароны касцёлаў. (Жанчыны пратэставалі каля касцёлаў, таму, што касцельных іерархаў лічылі адказнымі за абвастрэнне законаў - рэд). У той дзень Банкевіч і яго прыхільнікі ахоўвалі ўваход у храм на вуліцы Кракаўскае Прадмесце ў Варшаве.

У 2022 годзе Варшаўскі суд прысудзіў Банкевічу 10 000 злотых на карысць пацярпелай жанчыны, кампенсацыю судовых коштаў і год грамадскіх работ. Праз год тагачасны Генеральны пракурор Збігнеў Зёбра (Zbigniew Ziobro) падаў прэзідэнту Дудзе просьбу аб памілаванні. Прэзідэнт Дуда памілаваў Банкевіча, вызваліўшы яго ад грамадскіх работ.

Да гэтага часу Банкевіч не выканаў ніводнага рашэння суда.

Партал Onet.pl паведамляе, што Роберт Банкевіч падзякаваў прэзідэнту Дудзе ў сацыяльных сетках за памілаванне «ў справе меркаванага здзяйснення адміністрацыйнага парушэння цялеснай недатыкальнасці асобы, вядомай грамадскасці як так званая «бабуля Кася» — Катажына Аўгустыняк». Ён таксама напісаў: «нападніка ператварылі ў ахвяру, а мяне спрабавалі ператварыць у злачынцу і агрэсара» і адзначыў: «сваім рашэннем прэзідэнт не толькі абараніў мяне, але, перш за ўсё, абараніў праўду, справядлівасць і ўсіх тых, хто сёння незаконна пераследуецца за вернасць такім каштоўнасцям, як Бог і Радзіма».

У сваю чаргу, міністр юстыцыі Адам Боднар пракаментаваў рашэнне прэзідэнта Анджэя Дуды:


«Гэта чарговы жэст прэзідэнта, які паказвае яго сапраўдны твар як чалавека, які замест таго, каб падтрымліваць Канстытуцыю Рэспублікі Польшча, рэгулярна падрывае яе фундаментальныя каштоўнасці. Проста сорамна за шматмесячную працу і самаадданасць пракурораў і суддзяў, якія прывялі да даказання віны і, як вынік, да вынясення прысуду Роберту Банкевічу», — падсумаваў міністр юстыцыі.

Пацярпелая Катажына Аўгустыняк — «бабуля Кася» востра пракаментавала рашэнне прэзідэнта Анджэя Дуды аб памілаванні Роберта Банкевіча. «Хай ты згінеш», — напісала жанчына ў Фейсбуку, звяртаючыся да кіраўніка дзяржавы.

яс