Дональд Туск у сераду значна скараціў свой кабінет міністраў. Інтэрнэт-выданне Business Insider праверыла, у колькі абыдзецца падаткаплатнікам новы ўрад.
У выніку перастаноўкі колькасць міністраў у Польшчы зменшылася з 26 да 21.
Дональд Туск падкрэсліў, што «ўрад у Польшчы не абавязкова павінен быць самым вялікім, ён проста павінен быць найлепшым».
«Калі занадта многа людзей гавораць пра адно і тое ж, цяжэй прыняць рашэнне», — растлумачыў Туск.
Іншая справа, што яшчэ ў лютым прэм'ер-міністр абвясціў, што пасля перастаноўкі яго ўрад будзе адным з самых маленькіх у Еўропе.
Цяпер аказваецца, што ўрад Туска далёка не еўрапейскі лідар у гэтым плане. Гаворка ідзе нават не пра малюсенькі Ліхтэнштэйн, дзе краінай кіруе прэм'ер-міністр і чатыры міністры. Аднак, напрыклад, у Чэхіі ўрад складаецца з 17 членаў, у Германіі — з 18, у Фінляндыі — з 19, а ў Іспаніі — з 23.
Business Insider падлічыў заробкі членаў ураду. Пакуль што намеснікаў міністраў не ўлічылі, бо яшчэ незразумела, колькі іх у канчатковым выніку будзе ва ўрадзе.
Заробкі членаў урада Польшчы прывязаныя да базавай сумы ў 1878,89 злотых (442 еўра), множніка для адпаведнай катэгорыі члена ўрада і надбаўкі за пасаду.
Такім чынам, прэм'ер-міністр Польшчы зарабляе 21 500 злотых (5059 еўра) брута ў месяц.
Намеснік прэм'ер-міністра - прыкладна 19 200 злотых (4518 еўра) брута ў месяц. Звычайныя міністры зарабляюць 18 700 злотых (4400 еўра) брута ў месяц.
Агульная сума заробкаў прэм'ер-міністра, намеснікаў кіраўніка ўраду і міністраў скарочана польскага ўраду будзе складаць 415 000 злотых (97 647 еўра).
яс