Прэзідэнт Анджэй Дуда прысвоіў першыя генеральскія званні сямі афіцэрам паліцыі. Сярод іх – жанчыны Магдалена Нгуен-Фудала і Агата Маласіньска-Нагурны. Афіцэрам, які раней мелі званні інспектара паліцыі (палкоўніка – рэд), прысвоеныя званні галоўнага інспектара (генерал-маёра – рэд.). Павышэнне ў званнях адбылося з нагоды Дня польскай паліцыі.
У Магдалены Нгуен-Фудалы – больш за 25 гадоў стажу. Яна пачала службу ў паліцыі ў 1999 годзе ў патрульным узводзе ў горадзе Кэндзежын-Козле (заходняя Польшча). У сакавіку 2014 года афіцэр стала начальнікам рэгіянальнага аддзялення Цэнтральнага бюро расследаванняў Галоўнага ўпраўлення паліцыі ў горадзе Бельска-Бяла. У Польшчы Цэнтральнае бюро расследаванняў – гэта паліцэйская спецслужба, якая займаецца найбольш цяжкімі і значнымі злачынствамі. Праз чатыры гады Нгуен-Фудала стала намеснікам начальніка Катавіцкай паліцэйскай школы.
Пазней яна перайшла ў варшаўскае Галоўнае ўпраўленне паліцыі, дзе, сярод іншага, займалася барацьбой з эканамічнымі злачынствамі. У пачатку мінулага года яна стала начальнікам ваяводскай (беларускі адпаведнік – абласной) паліцыі ў горадзе Аполе (заходняя Польшча).
Агата Маласіньска-Нагурны служыць у паліцыі з 2000 года. Мае навуковую ступень кандыдата навук. Службу пачынала шэраговым афіцэрам, з часам даслужылася да намесніка начальніца ваяводскага ўпраўлення паліцыі Свентакшыскага ваяводства (горад Кельцы). Год таму была прызначаная рэктарам-камендантам Акадэміі паліцыі ў горадзе Шчытна (паўночна-ўсходняя Польшча).
Генерал Агата Маласіньска-Нагурны. Крыніца: Akademia Policji w Szczytnie
Званне галоўнага інспектара – першае з двух генеральскіх званняў у польскай паліцыі. Яно эквівалентнае брыгаднаму генералу (генерал-маёру – рэд.) ва Узброеных сілах Польшчы. На сённяшні дзень гэтае званне маюць толькі пяць жанчын-паліцэйскіх.
Намеснік начальніка Памежнай службы Польшчы брыгадны генерал Бэата Гажкоўска. Крыніца: x.com/MSWiA_GOV_PL
Акрамя паліцыі, у Польшчы жанчыны ў генеральскіх званнях служаць у Мытна-падатковай службе і Памежнай службе. Так, намеснікам начальніка Памежнай службы Польшчы з'яўляецца брыгадны генерал (генерал-маёр – рэд.) Бэата Гажкоўска. Генеральскае званне ёй было прысвоенае ў 2019 годзе.
Дзейсных жанчын-генералаў у польскай арміі пакуль што няма.
Валеры Саўко
відэа: Магдалена Нгуен-Фудала ўрачыста прыступае да выканання абавязкаў начальніка Апольскай ваяводскай паліцыі