Беларуская Служба

Абарона ці дэстабілізацыя? Як ўлады Польшчы рэагуюць на патрулі нацыяналістаў уздоўж польска-нямецкай мяжы 

29.07.2025 12:53
Польскія ўлады папярэджваюць: незаконныя патрулі на мяжы — злачынства. МУС абяцае жорсткую рэакцыю на дзеянні Руху абароны межаў Роберта Банкевіча.
Аўдыё
  • Абарона ці дэстабілізацыя? Як ўлады Польшчы рэагуюць на патрулі нацыяналістаў уздоўж польска-нямецкай мяжы
  ()
Мяжа Польшчы (ілюстрацыя)Фота: Беларуская служба Польскага радыё, radyjo.net

З 7 ліпеня на мяжы Польшчы з Нямеччынай і Літвой дзейнічае ўзмоцнены кантроль, які праводзяць падраздзяленні Памежнай службы пры падтрымцы войска і паліцыі. У раёне мяжы з Нямеччынай з’явіліся таксама так званыя грамадзянскія патрулі. Яны спрабуюць самастойна праводзіць кантроль асобаў, што перасякаюць мяжу. Найбольш заўважнай фігурай сярод арганізатараў гэтых дзеянняў стаў нацыяналістычны актывіст Роберт Банкевіч, які абвясціў пра стварэнне так званагага Руху абароны межаў (Ruch Obrony Granic).

Роберт Банкевіч, які раней быў звязаны з арганізацыяй «Марш Незалежнасці», заяўляе, што дзейнічае для спынення нібыта масавай нелегальнай міграцыі праз польска-нямецкую мяжу. На сайце арганізацыі адзначаецца, што яе мэтай з’яўляецца «абарона Польшчы ад масавай міграцыі і пагроз, якія з ёй звязаныя».

Аднак супраць самога Банкевіча распачата некалькі крымінальных справаў. У прыватнасці, яму пагражаюць абвінавачанні за знявагу супрацоўнікаў Памежнай службы і Вайсковай жандармерыі. Інцыдэнт адбыўся 29 чэрвеня ў Слубіцах  (з нямяцкага боку Франкфурт-на-Одэры), дзе актывіст абвінаваціў праваахоўнікаў у «выкананні загадаў, што ганьбяць польскі мундзір».

Ці будуць прыняты рашучыя меры супраць самазваных патрулёў і ці насамрэч змяняецца курс Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі пад кіраўніцтвам міністра  Марціна Кервіньскага, які пасля гадавога перапынку зноў узначаліў МУС Польшчы. Адказвае адзін з яго намеснікаў Чэслаў Мрочэк

— Ад самага пачатку мы казалі ясна і прама: ахова дзяржаўных межаў — гэта выключна кампетэнцыя дзяржаўных службаў. Гэта задача Памежнай службы, паліцыі і арміі, якія выконваюць яе прафесійна, згодна з законам. Падтрымку ў гэтым аказваюць таксама іншыя структуры — Служба аховы чыгунак, Інспекцыя транспартнага руху ды іншыя.

Мы не можам і не будзем спакойна прыглядацца сітуацыі, калі прыватныя асобы самастойна прысвойваюць сабе паўнамоцтвы, якіх яны не маюць. Гэта не толькі парушэнне закона, гэта ўжо злачынства. Няма і не будзе ніякай згоды на выдаванне сябе за дзяржаўных служачых, на зневажанне прадстаўнікоў сілавых структур, на самастойнае правядзенне кантролю. Гэта ўсё перашкаджае працы дзяржаўных службаў і падрывае давер да дзяржавы. Мы ўжо перадаем адпаведныя справы ў пракуратуру. У выпадку з Робертам Банкевічам працэс таксама запушчаны — гаворка ідзе пра публічнае зневажанне праваахоўнікаў. У гэтым мы будзем прынцыповыя.

Ці сапраўды МУС цяпер будзе гатова прымяніць больш жорсткія меры, напрыклад, затрымліваць такія патрулі, калі яны будуць працягваць дзейнічаць уздоўж мяжы?

— Хачу данесці вельмі простую думку, мы не можам дапускаць, каб хтосьці «браў у свае рукі» абарону мяжы і выдаваў сябе за дзяржаўныя органы. Гэта не толькі парушэнне грамадскага парадку, гэта рэальная пагроза бяспецы. Калі хтосьці перашкаджае працы памежнікаў, кантралюе людзей, арганізоўвае аўтамабільныя калоны — гэта не дапамога, гэта вэрхал. І мы дакладна ведаем, што за гэтым стаяць палітычныя інтарэсы.

Не з’яўляецца сакрэтам, што тыя ж самыя асобы, якія арганізуюць гэтыя дзеянні, супрацоўнічаюць з правапапулісцкімі сіламі, што нядаўна  ўрадавалі і не змаглі нічога зрабіць з нелегальнай міграцыяй. У 2023 годзе, калі кіравала «Права і Справядлівасць», у Польшчу незаконна трапіла 12 тысяч чалавек. У 2024 годзе — менш за тысячу.

І тут адсылаю вас да журналісцкага расследавання, калі журналіст пад выглядам неабыякавага грамадзяніна патрапіў на інструктаж удзельнікаў Руху абароны межаў, якія асабіста праводзіў Роберт Банкевіч. Там выдатна бачна, што ва ўсім гэтым не ідзецца пра абарону межаў, а толькі і выключна пра палітычную кампанію, пабудаваную на дэзінфармацыі і моцных эмоцыях.  І замест таго, каб дапамагаць, тыя, хто «патрулюе» навале з Банкевічам, уносяць толькі напружанне і  сеяць дэзінфармацыю. Іх дзеянні ўскладняюць сапраўдную ахову мяжы.

Ці азначае гэта, што можна чакаць арыштаў удзельнікаў гэтага руху, бо так званыя грамадзянскія патрулі працягваюцца?

— Кожнае парушэнне права на мяжы будзе мець адпаведную рэакцыю. Мы ўжо падалі адпаведныя заявы ў пракуратуру. Будзе следства, будуць прысуды. Гэта датычыць як знявагі службоўцаў, так і спроб выдаваць сябе за прадстаўнікоў дзяржавы. Такія дзеянні караюцца паводле крымінальнага кодэкса. І мы будзем паслядоўна дабівацца, каб кожнае парушэнне было пакаранае. Закон аднолькавы для ўсіх — не важна, ці гэта палітык, ці грамадзянскі актывіст. Калі ты парушаеш закон, будзеш несці адказнасць.

Мы не пакінем гэтага без увагі. Калі дзейнічаеце пад выглядам «патрыётаў», але ў рэальнасці перашкаджаеце — вы павінны ведаць, што за гэта наступіць адказнасць. І яна будзе непазбежнай. Калі вы сапраўды хочаце служыць краіне — уступайце ў легальныя структуры, у Войскі тэрытарыяльнай абароны, у Памежную службу, ідзіце працаваць у паліцыю і г. д. А ўсё астатняе — гэта падтрымка прапаганды, распальванне сацыяльнага напружання і  дэстабілізацыя нашай краіны. 

Тым часам на заходняй мяжы Польшчы ўжо з’явіліся мабільныя патрулі Руху абароны межаў. Ці з'яўлення новага-старога міністра Марціна Кервіньскага ў выніку рэканструкцыі ўрада Дональд Туска прывядзе да больш рашучай і паслядоўнай палітыкі на мяжы? Пытанне пакуль застаецца адкрытым.

эж