Расійскія агенты ўсё часцей ладзяць акцыі сабатажу ў Польшчы ды краінах Балтыі, на мяжы працягваюцца штурмы нелегальных мігрантаў, таксама пачалі залятаць дроны з Беларусі ў паветраную прастору краін НАТА. Гучаць меркаванні, што Расія пачала падрыхтоўку да аперацыі супраць краін Балтыі і/або Польшчы з тэрыторыі Беларусі. Крамлю патрэбны поспех пасля цяжкасцяў на фронце ва Украіне.
У апошнія дні назіраецца рост напружанасці на мяжы Польшчы і Літвы з лукашэнкаўскай Беларуссю. У літоўскім напрамку з беларускага боку ўсё часцей залятаюць дроны. За апошнія два тыдні зафіксавана тры выпадкі. 10 ліпеня расійскі беспілотнік «Гербера» парушыў паветраную прастору Літвы, заляцеўшы з боку Беларусі побач з закрытым пунктам пропуску «Шумскас». У ноч на 16 ліпеня літоўскія памежнікі збілі ў Шальчынінскім раёне беспілотнік, які прыляцеў з Беларусі. У панядзелак 28 ліпеня ў Літву заляцеў і лётаў над Вільняй расійскі дрон.
У Польшчы Памежная служба паведамляе пра актывізацыю нелегальных мігрантаў, якія пачалі ўзмоцнена штурмаваць мяжу. Яны добра арганізаваныя, навучаныя пераадольваць агароджу ды атакуюць памежнікаў, кідаючы ў іх камянямі. Толькі ў панядзелак у Польшчы было зафіксавана 185 спроб незаконнага перасячэння, а за выходныя — 390. З пачатку года мела месца больш за 20 тысяч выпадкаў парушэння мяжы. Апроч таго ў Польшчы кажуць, што расійскія агенты ўсё часцей ладзяць акцыі сабатажу. На гэта звярнуў увагу эксперт па бяспецы з Беластоцкага ўніверсітэта прафесар Дан'ель Бацькоўскі.
— Гэта робіцца спецыяльна, каб шырыць страх і хваляванне, каб умацоўваць антымігранскія настроі, і яшчэ каб ствараць уражанне, што Расія можа зрабіць усё, што заўгодна і любое дзеянне супраць Расіі будзе мець наступствы. Таму будуць дробныя правакацыі, але немагчыма выключыць і больш сур'ёзныя рэчы. На жаль мы на лініі фронту і Расія так да нас ставіцца. Я кажу пра Польшчу, краіны Балтыі, Чэхію ды Германію.
На днях польскае Агенцтва ўнутранай бяспекі (ABW) пацвердзіла, што за два падпалы ў Радаме і Варшаве адказвае 27-гадовы калумбіец, завербаваны Масквой. Раней, таксама ад па загадзе з Масквы, гэты ж мужчына ладзіў пажары ў Чэхіі. Гэта тыповае дзеянне расійскіх службаў, растлумачыў прэс-сакратар каардынатара польскіх спецслужбаў Яцэк Дабжынскі.
- Расійскія службы ўсё часцей шукаюць людзей, якія маюць вайсковую падрыхтоўку, ставяць яму задачу, называюць месца, вызначаюць як зрабіць і як пацвердзіць выкананне. Так у Радаме былі 4 падпалы кактэйлем Молатава, гэта зрабіў згаданы калумбіец, а здымкі выслаў расійскім гаспадарам.
Генерал Раман Полька, былы камандзір спецпадраздзялення GROM, заявіў у эфіры TVP Info, што расійскія спецслужбы імкнуцца пасеяць хаос на тэрыторыі Польшчы.
— Расійскі бок не пераймаецца пры вярбоўцы, ці гэтых людзей схопяць, ці не. Яны заўсёды будуць адмаўляць сваю датычнасць. У савецкія часы пад выглядам спартыўных каманд рыхтаваліся закідванне дыверсійных груп, якія павінны былі сеяць хаос. Цяпер выкарыстоўваюць мігрантаў і замежнікаў. Я здзіўлены, што пакуль масава не ўдалося завербаваць украінцаў, бо гэта б дала ім адразу: сабатаж і рост антаганізму ў польскім грамадстве. Мэтай расійскіх службаў з’яўляецца пашырэнне варожасці паміж палякамі ды ўкраінцамі, якія ратуюцца ад вайны.
Далейшае абвастрэнне сітуацыі магчыма ў верасні. Ідзецца пра тое, што ў гэты час на тэрыторыі Беларусі пройдуць сумесныя вучэнні РФ і РБ «Захад-2025». Лукашэнка запэўнівае, што ніякай пагрозы гэтыя вучэнні не нясуць, але падчас вучэнняў «Саюзная рашучасць-2022» тое самае казалася, а потым пачалася расійская агрэсія на Украіну, нагадвае вайсковы назіральнік украінскай службы Польскага радыя Аляксандр Паціха.
— Папярэднія вучэнні 2022-га года былі фактычна маскіроўкай для ўварвання ва Украіну. Калі згадаць, што ў тых манеўрах былі прыцягнутыя 9 тысяч жаўнераў, а цяпер – 16 тысяч, адсюль перасцярогі. Тым больш, што мы бачым, што расіяне здымаюць з фронту некаторыя вайсковыя адзінкі і кудысьці іх перакідваюць. На іх месца прыходзяць менш баяздольныя часці, а баяздольныя адзінкі пакуль знікаюць з фронту. Раней яны ўвесь час трымалі тыя самыя часці на адным напрамку фронту і проста давозілі ім умацаванні. Ратацыі не было. Тут жа адбылася ратацыя, і яшчэ ёсць інфармацыя пра новую адпраўку карэйскіх войск на фронт. Гэты таксама выклікае пытанні, бо яны дазволяць зняць дадатковыя сілы з фронту, пытанне навошта?
Пра тое, што Расія пачынае рыхтавацца да вайны з краінамі Балтыі, напісаў украінскі Тэлеграм канал @volyamedia, звярнуўшы ўвагу на словы памочніка прэзідэнта і старшыні Марской калегіі Мікалая Патрушава, які заявіў у Інтэрв'ю РІА Новости, што РФ распачне неадкладны і зруйнавальны адказ на любую ваенную агрэсію супраць Калінінградскай вобласці.
Падобная рыторыка пра «пагрозу» з боку Украіны гучала і ў лютым 2022 года. На думку Аляксандра Паціхы, Расія ўсё больш завязла ва Украіны, Маскве патрэбная гучная перамога, якую яны хочуць атрымаць праз напад на краіны НАТА.
— Для іх – гэта апошні шанец перамагчы ў гэтай вайне. Засяроджванне сіл і адпраўка іх на Кіеў яшчэ раз прывядзе да таго, што яны там палягуць Кіевам, як мінулы раз. Адпраўка іх на іншы напрамак будзе азначаць захоп некалькіх сёлаў, а ўдар на Балтыку можа ім даць гучны рэзультат. Яны могуць там мець поспех, робячы раптоўную атаку. Расійскае насельніцтва гатовае цярпець санкцыі пакуль «іхнія мальчыкі» перамагаюць.
Таксама трывожная інфармацыя пачала паступаць з Беларусі. Лукашэнкаўскія прапагандысты пачалі заяўляць пра акупацыю Вільні, а Тэлеграм Канал Беларуская выведка паведаміў, што рыхтуецца гібрыдная атака на Літву ды Польшчу пры выкарыстанні дронаў. Дарэчы сёння ўначы ў Мінску разбіўся беспілотнік урэзаўшыся ў жылы дом. Рэжым нэрвова на гэта адрэагаваў, выслаўшы АМАП арыштоўваць жыхароў двара. Пра рэальнасць сцэнару дронавай атакі з Беларусі мы запыталіся ў эксперта па пытаннях бяспекі Зміцера Міцкевіча.
— Пагроза з боку РФ для краін НАТА дэкларуецца на найвышэйшым узроўні: топавымі амерыканскімі генераламі, французскай стратэгіяй Нацыянальнай бяспекі. Да таго ж унутры краіны ўлады РФ цяпер вядуць актыўную агітацыю свайго насельніцтва на тэму непазбежнасці вайны супраць НАТА. Іх прапаганда вяшчае, што яны будуць ваяваць супраць нацыстаў, якія нібыта захапілі Еўропу, у тым ліку прыгнятаюць расійскамоўнае насельніцтва. Хто можа прадказаць, што Пуцін пачуўшы ўсе засцярогі Захаду, не прыняў рашэнне, што трэба дзейнічаць хутчэй і цяпер правесці гібрыдную аперацыю. Дроны ў такой сітуацыі будуць граць вялікую ролю, улічваючы тое, што ў краін Балтыі ды Польшчы ёсць праблемы з супрацьпаветранай абаронай. Расія разумее, што час гуляе супраць яе, бо краіны Захаду працягваюць узбройвацца і падвышаюць сваю абаронную здольнасць. Расія ж губляе мабілізацыйны рэсурс, яшчэ магчымыя браджэнні ўнутры расійскага грамадства, а цяпер у Пуціна ёсць перавага: у яго ёсць большая цэнтралізацыя ўлады, мабілізацыйныя здольнасці ды хуткасць рэагавання, і ёсць перавага ў паветры ў параўнанні з краінамі Балтыі ды Польшчы.
Камандаванне НАТА пакуль афіцыйна не каментуе гэтыя здарэнні, зазначаючы, што сітуацыя пад сталым маніторынгам. Аднак еўрапейскія разведкі кажуць пра тое, што Пуцін збіраецца праверыць сапраўднасць 5-ага артыкулу НАТА, то бок гатоўнасць да калектыўнай абароне. Што праўда ў Еўропе лічаць, што гэта адбудзецца не раней за 2027 год. Аднак, праблема ў тым, што Крэмль робіцца ўсё больш неадэкватным у прыняцці рашэнняў. У звязку з гэтым, Еўропа павінна захоўваць пільнасць, нагадваюць эксперты.
Юры Ліхтаровіч