Фінская пракуратура прад’явіла абвінавачанні капітану і двум афіцэрам танкера Eagle S, што належыць расійскаму так званаму флоту ценяў. Паводле следства, у снежні 2024 года яны пашкодзілі пяць падводных кабеляў у акваторыі Фінскага заліва, піша партал biznesalert.pl.
Абвінавачаныя — грамадзяне Грузіі і Індыі. Следства сцвярджае, што судна цягнула якар па марскім дне каля 90 кіламетраў, што прывяло да пашкоджання энергетычнага кабеля Estlink 2, які злучае Фінляндыю і Эстонію, а таксама чатырох інтэрнэт-кабеляў.
Страты ўладальнікаў ацэньваюцца мінімум у 60 мільёнаў еўра. Інцыдэнт стварыў сур’ёзную пагрозу пастаўкам электраэнергіі і сувязі, таму былі задзейнічаны рэзервовыя каналы.
Абарона матросаў сцвярджае, што інцыдэнт адбыўся па-за межамі тэрытарыяльных вод Фінляндыі, таму краіна не мае юрысдыкцыі для вядзення гэтай справы. Мясцовы суд вызначыць дату слухання і ацэніць, ці падпадае справа пад кампетэнцыю Хельсінкі.
Судна Eagle S зарэгістраваны на Астравах Кука і ўваходзіць у ценявы флот РФ — групу танкераў, якія перавозяць расійскую нафту ў абыход цэнавых абмежаванняў. Такія судны часта знаходзяцца ў дрэнным тэхнічным стане, ходзяць з выключанымі транспондерамі і, паводле экспертаў, могуць займацца дыверсіямі і шпіянажам.
Гэта не першы падобны выпадак у рэгіёне: у кастрычніку 2023 года кітайскі NewNew Polar Bear пашкодзіў газаправод Balticconnector паміж Эстоніяй і Фінляндыяй. У выніку серыі інцыдэнтаў на Балтыцы дзейнічае рэжым падвышанай гатоўнасці, а флот НАТА неаднаразова выходзіў у мора для перахопу суднаў з расійскага ценявога флоту.
эж