«Масква гуляе на час» — так ацэньвае магчымасць мірных перамоваў паміж Украінай і Расіяй прафесар Лодзкага ўніверсітэта Яцэк Рэгінія-Захарскі. У інтэрв’ю выданню Biznes Alert ён падкрэсліў: «Расія гадуе грамадства, якое не будзе здольнае існаваць без вайны».
Паводле яго, ранейшыя спробы перамоваў, у тым ліку ў Турцыі ў 2022 годзе, не далі выніку. Цяпер жа «Расія мае рэсурсы працягваць вайну, а Украіне патрэбны перапынак», — адзначыў палітолаг, нагадаўшы, што Крэмль перад любымі перамовамі звычайна ўзмацняе наступальныя дзеянні, каб сарваць іх. «Пуцін будзе проста цягнуць час», — заявіў прафесар.
Рэгінія-Захарскі лічыць, што магчымым месцам перамоваў можа стаць Швейцарыя, дзе дзейнічае прынцып экстэрытарыяльнасці. Не выключаныя таксама пляцоўкі ААН, Турцыі ці Саудаўскай Аравіі.
Асобную ўвагу эксперт звярнуў на тое, што «з 2024 года ў расійскіх школах для малодшых класаў уводзяць прадметы, звязаныя з ваеннай падрыхтоўкай, у тым ліку кіраванне дронамі». На яго думку, гэта частка стратэгіі фармавання грамадства вайны. «Што зробяць з мільёнамі вайскоўцаў, калі вайна скончыцца? Адпусцяць дадому? Тады атрымаюць рэвалюцыю або выбух злачыннасці», — падкрэсліў Яцэк Рэгінія-Захарскі.
Палітолаг таксама адзначыў, што расійская эканоміка фактычна перайшла на ваенныя рэйкі і, нягледзячы на санкцыі, здольная працягваць вайну дзякуючы падтрымцы Кітая. Палітолаг перакананы, што ЗША будуць пастаўляць зброю Украіне, а асноўныя выдаткі возьмуць на сябе краіны Еўропы.
эж