Механічны завод у Тарнаве (Zakłady Mechaniczne Tarnów) павялічвае аб’ёмы вытворчасці ўзбраення для патрэб Узброеных сіл Польшчы. Міністр нацыянальнай абароны Уладзіслаў Касіняк-Камыш падчас візіту на прадпрыемства абвясціў, што хутка будзе прадстаўлены шматузроўневы комплекс супрацьпаветранай абароны Pilica+, чытаем на партале biznesalert.pl.
Завод у Тарнаве ўваходзіць у склад Польскай абароннай групы і спецыялізуецца на выпуску кампактных баявых модуляў, пяхотнай зброі падтрымкі (60-міліметровых мінамётаў і 40-міліметровых гранатамётаў), а таксама стралковай зброі – ад кулямёта UKM-2000 да дакладных вінтовак BOR, TOR і ALEX-338.
«Механічны завод у Тарнаве ўдзельнічае не толькі ў праграме Pilica+, але і ў вытворчасці сістэм супрацьпаветранай і супрацьракетнай абароны Narew і Wisła. У апошнія месяцы даходы прадпрыемства прыкметна ўзраслі», – адзначыў Касіняк-Камыш.
Паводле палітыка, хоць завод не з’яўляецца найбуйнейшым у групе, ён мае вырашальнае значэнне дзякуючы высокай спецыялізацыі і дакладнасці вытворчасці. Міністр таксама паведаміў, што прынята рашэнне аб стварэнні гарнізона ў Тарнаве, каб палепшыць кіраванне войскамі ў рэгіёне.
Паводле планаў Міністэрства нацыянальнай абароны, у снежні 2025 года ў Польшчу прыбудуць 300 галандскіх вайскоўцаў разам з двума батарэямі сістэмы супрацьпаветранай абароны Patriot і сродкамі барацьбы з дронамі.
«Два комплексы Patriot будуць размешчаныя ў Польшчы для абароны нашага неба і падтрымкі Украіны. Гэта сур’ёзны крок з боку Нідэрландаў, якія з трох сваіх батарэй перадаюць дзве», – падкрэсліў Уладзіслаў Касіняк-Камыш.
эж