34 гады таму, 25 жніўня 1991 года, Вярхоўны Савет БССР надаў Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі статус канстытуцыйнага закону. Тым самым Беларусь стала незалежнай дзяржавай. Днём раней такое ж рашэнне прыняла Украіна, дзе і актуальна 24 жніўня адзначаецца Дзень Незалежнасці. У Беларусі такога няма. Рэжым Лукашэнкі палічыў, што для гэтага яму лепш падыходзіць гадавіна вызвалення Мінска ад нямецкай акупацыі.
А сёння мы паразмаўляем з амаль аднагодкамі сучаснай беларускай незалежнасці, ураджэнцамі канца 80-х, пачатку 90-тых гадоў XX ст.
Што для Вас, для пакалення беларусаў вашага ўзросту, азначае незалежнасць? Гавораць Аляксей Шота з выдання HrodnaLife і Руслан Кулевіч з выдання Most.
Шота: Самае простае было бы сказаць: ідзіце, пачытайце эсэ «Незалежнасць – гэта...» Уладзіміра Арлова – яно не страціла асабліва сваёй актуальнасці. Але насамрэч, калі так казаць, гэта факт. Гэта здзейснены факт, які нікім не ставіцца пад сумнеў. І гэта ўжо вялікае нашае дасягненне. Колькі народаў ніколі не дасягнула незалежнасці, колькі народаў знікла, асімілявалася? Колькі б магло быць на месцы сённяшняй Францыі гістарычных краін, якія зніклі?
Таму – гэта факт, які, з аднаго боку, ёсць, а з іншага – мы павінны яго ўсё ж такі абараняць у сённяшняй сітуацыі, незалежна дзе мы: ці мы ў Гродне, ці ў Мінску, Беластоку, Берліне. Не важна дзе ты – калі ты беларус і для цябе гэта – нейкая каштоўнасць, то ты любой сваёй працай яе абараняеш. А праца можа быць розная: кнігі пісаць, праграмы на радыё запісваць, даследаваць штосьці, карціны маляваць. Гэта не так важна, што робіш – усё, што спрычыняецца да пашырэння беларускай прасторы, і, што вельмі важна, да распаўсюду беларускіх сэнсаў у гэтым жыцці – гэта і ёсць праца на незалежнасць. Гэтым і мы займаемся як журналісты таксама.
Руслан, ці тваё пакаленне ўсведамляе, што вы аднагодкі беларускай сучаснай незалежнасці?
Кулевіч: Тыя маладыя людзі, мае аднагодкі, таксама кажуць і мараць пра Беларусь. Хтосьці, бывае, кажа мне, што вы, маладыя людзі, не надта добра размаўляеце па-беларуску і гэтак далей. Але я кажу так: за нас вырашылі, калі абралі дзве дзяржаўныя мовы – рускую і беларускую. І, на жаль, мы выхоўваліся ў асяроддзі рускай мовы. Але мы спрабуем, нават тут, у эміграцыі, рабіць усё, каб Беларусь далей існавала і, магчыма, у бліжэйшай будучыні мы вернемся і надалей будзем працаваць, але ўжо ў Гродне.
Падрыхтаваў Яраслаў Іванюк
слухайце аўдыёфайл