Беларуская Служба

Палову бюджэтных даходаў Расія траціць на вайну

02.09.2025 13:32
На думку эксперта – гэта сведчанне таго, што расійскі рэжым перайшоў цалкам на ваенныя рэйкі і мір яму не патрэбны.
Аўдыё
  • Эксперта пра рост ваенных выдаткаў Расіі
Ілюстрацыйнае фотаEPA/VLADIMIR SMIRNOV/SPUTNIK/ Dostawca: PAP/EPA.

У такім умовах Расія зможа існаваць гадамі, дзеля завяршэння вайны патрэбны дэмантаж сістэмы ўлады ў Расіі.

Эксперты нядаўна палічылі, што доля ваенных затрат у Расіі ў даходах казны ў першым квартале 2025 года склала 50,1%. Упершыню ў гісторыі сучаснай Расіі Крэмль стаў марнаваць на вайну палову ўсіх сабраных у бюджэт падаткаў.

Для параўнання ў 2022 годзе ваенныя расходы складалі 24,4% бюджэтных даходаў; у 2023 годзе - 32,05%, у 2024-м - ужо 39,05%.

Гэтыя паказчыкі перавышаюць узровень бюджэтных затрат на абарона Савецкага саюза. Напрыклад, у бюджэце 1990 года на армію было закладзена 29,4% бюджэту краіны.

Пра тое, што сведчаць гэтыя лічбы, мы паразмаўлялі з палітолагам Паўлам Усавым.

— Расія сёння вымушаная плаціць шмат за вайну, каб задаволіць сем’і тых, хто загінуў ці паранены, а таксама матываваць набор новых салдат высокімі заробкамі.  Для большасці Расіі такія заробкі на вайне сталі нечаканасцю. Для сем’яў у рэгіёнах, калі яны атрымоўваюць 1,5 мільёна рублёў за смерць сваяка ды яшчэ ільготы ды матэрыяльныя ўзнагароды, - гэта вялізарныя грошы. Калі дадаць тое, што частка грошай раскрадаецца – гэта раздувае ваенны бюджэт да вялізарных памераў. У звязку з гэтым у Расіі пачалі павышаць падаткі, пачалі друкаваць грошы да раскручваць інфляцыю.

Ці Расія  сёння можа сабе дазволіць такія высокія выдаткі на вайну?

— Пакуль існуе кансалідаванае цэнтральнае кіраўніцтва, Расія можа сабе дазволіць што заўгодна. Усё будзе кампенсавана скарачэннем выдаткаў на бяднейшыя групы, а гэта 30 мільёнаў насельніцтва. Гэта бюджэтнікі, пенсіянеры ды моладзь, яны будуць адчуваць на сабе наступствы. За мінулыя месяцы адчувальна выраслі кошты за камунальныя паслугі. Гэта адна з магчымасці выцягнуць грошы з людзей. Думаю расійскае грамадства не зрэагуе на гэта. У Расіі да таго ж будзе адбывацца ўзмацненне рэпрэсій і вяртанне да сталінскай мадэлі. Рэформаў ніякіх не будзе, бо для Крамля ў гэтым прычына палітычных пратэстаў. Напрыклад, сённяшнія кіраўнікі ў Крамлі бралі ўдзел у перабудове Гарбачова, якая на іх думку і прывялі да калапсу СССР. Яны будуць імкнуцца да захавання цэнтралізаванай палітычнай сістэмы ды падпарадкаванай эканомікі. Гэта можа цягнуцца вельмі доўга. На Захадзе павінны разумець, што з сённяшняй Расіяй не дамовішся, яе трэба ізаляваць, і чакаць распаду. Завершыць вайну без дэмантажу сістэмы – гэта шкодная ілюзія.

Размаўляў Юры Ліхтаровіч

Слухайце размову ў аўдыёфайле

Больш на гэтую тэму: На руінах імперыі