Беларуская Служба

Павал Усаў: Фармулёўка, што дроны прыляцелі з Беларусі, можа выклікаць памылковае ўяўленне

10.09.2025 15:08
Мяжа будзе зачыненая без меркаванай даты яе адкрыцця. А пасля сённяшніх заяваў Дональда Туска, што большасць дронаў, якія парушылі паветраную прастору Польшчы, прыляцела з Беларусі, гэта ўвогуле становіцца далёкай перспектывай.
Аўдыё
  • Павал Усаў: Фармулёўка, што дроны прыляцелі з Беларусі, можа выклікаць памылковае ўяўленне
Павал Усаў.

Запыталіся ў палітолага Паўла Усава аб прычынах рашэння польскага ўрада аб закрыцці межаў. Ці гэта сапраўды вучэння Захад 2025, ці можа апошняй кропляй стала затрыманне святара, польскага грамадзяніна ў Беларусі па абвінавачанні ў шпіянажы? А можа, зачыняючы таксама паток тавараў, гэта спроба ўмяшаць Кітай, якія мог бы паўплываць на Лукашэнку?

Мяжа будзе зачыненая без меркаванай даты яе адкрыцця. А пасля сённяшніх заяваў Дональда Туска, што большасць дронаў, якія парушылі паветраную прастору Польшчы, прыляцела з Беларусі, гэта ўвогуле становіцца далёкай перспектывай.

- Па-першае, трэба адзначыць, што ў такой сітуацыя важнай з’яўляецца правільная фармулёўка. Фармулёўка, што дроны прыляцелі з Беларусі, можа выклікаць разуменне, што за ўсім стаіць Беларусь. Трэба сказаць, што дроны прыляцелі праз тэрыторыю Беларусі. Што паветраная прастора Беларусі была транзітнай. Гэта цалкам мяняе ракурс.

Павал, давай вернемся да мяжы. У чым, паводле цябе, прычыны яе закрыцця?

- За рашэннем можа стаць сукупнасць праблем. Міграцыйны крызіс, вучэнні, арышт польскага грамадзяніна Гжэгажа Гавела. Усё гэта спрычыняцца да павелічэння канфліктнасці паміж Польшчай і Беларуссю. Можна сцвярджаць, што Польшча пайшла на выключныя меры як рэакцыя на ўсе гэтыя працэсы. Чаму менавіта такая рэакцыя? Прычынай можа быць унутраная сітуацыя, а можа і тое, што ў Польшчы фактычна няма магчымасцяў рэагаваць на дзеянні Лукашэнкі. Дыпламатычныя каналы не працуюць. На фоне таго, што арыштоўваюць грамадзян Польшчы, польскі ўрад выглядае вельмі слабым, бо не можа абараніць сваіх грамадзян. Каб паказаць сваю вагу, польскі ўрад ідзе на такі радыкальны крок. Ён, канешне, перш за ўсё паўплывае на беларускіх грамадзян. Гэта ніяк не паўплывае на рэжым, на стабільнасць сістэмы, на эканамічную сітуацыі. Прапаганда выкарыстае гэта, пакажа як эскалацыю. А можа і як прэтэкст для мілітарызацыі.

А якой можа быць рэакцыя Кітая. Частка каментатараў кажа, што менавіта на гэтую рэакцыю разлічваюць польскія ўлады?

- Пакуль цяжка сказаць. Мы пабачылі ў Пекіне, што Кітай рыхтуецца да таго, каб стаць альтэрнатывай для Захаду. Пашырэнне канфлікту з Захадам, з уцягваннем Беларусі – гэта ў інтарэсах Кітая. Яны могуць знайсці іншыя альтэрнатыўныя шляхі для пастаўкі сваіх тавараў. А гэтая канфрантацыя можа быць выкарыстаная для кансалідацыі аўтарытарных сістэм.

Дзякуй за размову.

Поўны каментар - у далучаным гукавым файле.

Больш на гэтую тэму: Палітычнае люстэрка