Лідарка дэмакратычных сілаў Беларусі Святлана Ціханоўская прыняла ўдзел у Варшаўскім форуме па бяспецы, які штогод збірае больш за 2500 удзельнікаў з 80 краін свету: кіраўнікоў урадаў, прэзідэнтаў, міністраў і экспертаў.
Акрамя выступаў на дыскусіях і галоўнай сцэне форуму, яна правяла шэраг сустрэч з палітыкамі, у тым ліку, з міністрам замежных справаў Польшчы Радаславам Сікорскім, мэрам Варшавы Рафалам Тшаскоўскім і спецыяльным пасланнікам прэзідэнта ЗША Дональда Трампа Кітам Келагам.
Менавіта генерал Келаг нядаўна растлумачыў выданню Guardian, чаму Вашынгтон пайшоў на дыялог з Аляксандрам Лукашэнкам. Паводле амерыканца, галоўная мэта — не вызваленне палітвязняў, а стварэнне каналаў для перадачы сігналаў Уладзіміру Пуціну. У выніку гэтых кантактаў 11 верасня ў Беларусі вызвалілі 52 палітвязняў у абмен на частковае змякчэнне санкцый.
Беларуская служба Польскага радыё пацікавіласяся ў Святланы Ціханоўскай, як яна ацэньвае такую палітыку ЗША.
— Спадарыня Святлана, якія шанцы і пагрозы нясе для Беларусі амерыканскі дыялог з Лукашэнкам?
— Найперш трэба разумець: амерыканцы не наіўныя людзі. Яны ўсведамляюць, што Лукашэнка не з’яўляецца паўнавартасным перамоўнікам, які можа ўплываць на Крэмль. Ён хутчэй як паштальён, які перадае пасланні. І тое, што ў Белым доме на стале ў прэзідэнта Трампа ляжыць папка з надпісам «Беларускія палітвязні», — гэта ўжо вялікае дасягненне.
Гэты момант можа быць кароткі, таму мы павінны максімальна ім скарыстацца, каб больш людзей выйшлі на волю. Для адміністрацыі Трампа гэта можа стаць паспяховай гісторыяй — не важна, як яе прадстаўляе Лукашэнка. Галоўнае, што гаворка пра Беларусь і пра палітвязняў гучыць на самым высокім узроўні.
Гэта не заслуга рэжыму, гэта вынік працы дэмакратычных сілаў, якія пяць гадоў трымалі Беларусь на парадку дня ў ЗША і Еўрасаюзе. Упэўненая, што цікавасць да палітвязняў не знікне. Але мы павінны дзейнічаць хутка, пакуль ёсць гэтае «акно магчымасцяў». (...)
— Як сёння на Захадзе ўспрымаюць Беларусь і вашу дзейнасць у параўнанні з 2020 годам?
— За гэтыя гады стаўленне да рэжыму і да беларусаў мянялася. У 2020 годзе рэжым успрымалі як сілу, якая душыць уласны народ. Пасля 2022-га — як пагрозу вайны. Лукашэнка стаў ваенным злачынцам.
Што да беларусаў, мы змаглі даказаць: мы стаім на баку дэмакратыі і Еўропы. Нашая будучыня — разам з Еўропай. Усе гэтыя гады мы дабіваліся, каб ЕС прапанаваў альтэрнатыву «рускаму міру».
Вялікая ўдзячнасць Польшчы і Літве за дапамогу беларусам у выгнанні — ад адкрыцця віз да стварэння гуманітарных калідораў. Закрыццё межаў было балючым, але яно паказала сілу Польшчы, прадэманстравала моцны інструменту ціску на Лукашэнку. У выніку, наколькі я разумею, была дасягнутая дамоўленасць па вызваленню Анджэя Пачобута, а гэтае пытанне вельмі важнае для Польшчы. Іншая справа, што Анджэй мае цвёрдую пазіцыю і адкідае магчымасць высылкі з Беларусі.
На Захадзе Беларусь сёння разглядаецца не толькі ў гуманітарным, але і ў кантэксце бяспекі. Дроны залятаюць у Польшчу, іншыя краіны НАТА, у тым ліку, з тэрыторыі Беларусі. Бо пакуль Лукашэнка ва ўладзе — гэта пастаянная пагроза суседзям, краінам НАТА. Толькі дэмакратычная Беларусь можа стаць крыніцай стабільнасці.
— Напярэдадні вашага візіту ў Варшаву, у Нью-Юрку вы сустрэліся з прэзідэнтам Польшчы Каралем Наўроцкім. Якой была гэта сустрэча? Пра што вы дамовіліся з польскім лідарам?
— Сустрэча была кароткай, але вельмі важнай. Мы дамовіліся пра паўнавартасны двухбаковы кантакт у будучыні. Я падзякавала прэзідэнту Наўроцкаму за падтрымку беларускай тэмы і за тое, што ён працягвае традыцыі прэзідэнта Анджэя Дуды, напрыклад прэзідэнт Караль Наўроцкі будзе надалей арганізоўваць калядную ўрачыстасць ў Бельведэры.
У Польшчы няма падзелу адносна Беларусі па партыйнай прыкмеце. Незалежна ад таго, якая партыя пры ўладзе, беларускае пытанне аб’ядноўвае польскую палітычную сцэну. І гэта вельмі важна для нас. (...)
— Шмат беларусаў у Польшчы сутыкаюцца з практычнымі цяжкасцямі: хутка з'явіцца абавязак рэгістрацыі аўтамабіляў, банкаўскія рахункі, пенсіі. Ці закраналі вы гэтыя пытанні падчас вашых перамоваў з польскімі ўрадоўцамі?
— Так мы пастаянна звяртаемся да гэтых ды іншых тэм, у нас працуе міжведамасная група на чале з Паўлам Латушкам, якая штодня займаецца такімі праблемамі. Я разумею, што пытанні аўтамабіляў, банкаўскіх рахункаў, пенсій вельмі балючыя. Але гэта вырашаецца паступова.
Мы тут госці, а для гаспадароў цяпер галоўнае — бяспека, трэба гэта разумець. Таму некаторыя абмежаванні абгрунтоўваюцца менавіта так. Мы пастаянна перадаём польскім уладам запыты беларусаў. Важна разумець: праблемы ёсць, але Польшча зрабіла для беларусаў вельмі шмат і працягвае рабіць. І трэба шукаць рашэнні, а не ўспрымаць гэта як абыякавасць. У іншых краінах беларусы сутыкаюцца значна з большымі цяжкасцямі, у Польшчы, у Літве, зроблена сапраўды многае. Не кажу, што вырашаны ўсе пытанні, але будзе непрыгожа казаць, што, напрыклад Польшча, робіць мала і недастаткова, бо гэта няпраўда. (...)
— І апошняе, больш асабістае пытанне, але яно безумоўна мае і грамадска-палітычную вагу. У грамадстве шмат абмяркоўваюць ролю вашага мужа Сяргея Ціханоўскага ў працы вашага офісу, агулам яго ўплыву на вашы палітыку. Кур'ёзы здараюцца рэгулярна. Як вы вырашаеце гэты крызісныя сітуацыі?
— Трэба разумець: сямейнае і публічнае — гэта розныя сферы. Мы ад пачатку дамовіліся, што офіс дапаможа Сяргею, але ён можа дзейнічаць незалежна. Сяргей — незалежная асоба. Пяць гадоў ён быў у ізаляцыі, цяпер шукае сваё месца — ці ў палітыцы, ці ў медыя, ці ў блогерстве. Ён знаходзіцца ў пошук, пошук усклданяецца траўмай, нанесенайд доўгім зняволеннем.
Так, здараюцца кур’ёзныя, недарэчныя сітуацыі. Часамі гэта можа выглядаць непрыгожа. Але трэба ставіцца з разуменнем: пасля турмы цяжка адразу ўвайсці ў публічнае жыццё. Я стараюся быць побач, тлумачыць яму палітычны кантэкст. Вельмі ўдзячна беларусам за падтрымку, за добрыя словы, асабліва гэта адчулася пасля выпадку ў Нью-Ёрку.
Мы павінны бачыць у Сяргеі чалавека, які шмат перажыў. Ён можа памыляцца, гэта натуральна. Ён вучыцца, набіраецца досведу. Таму не трэба яго крытыкаваць занадта жорстка. Ён шукае свой шлях — і я ў гэтым яго падтрымліваю, стаўлюся са зразуменнем і вас заклікаю да гэтага.
Размову з палітыкам цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле!
эж