Гаворка пра крыж Сафіі (Дагмар), арыгінал якога захоўваецца ў Нацыянальным гістарычным музеі ў Капенгагене.
Паводле гіпотэзы доктаркі гістарычных навук Лізаветы Дубінкі-Гушчы, крыж у Данію магла прывезці княгіня Сафія Мінская, якая стала дацкай каралевай. Мяркуецца, што потым Сафія падарыла крыж сваёй дачцэ Рыксе, ці сваёй нявестцы Дагмар.
Марыя Грыц
Пра гэтую гіпотэзу даведалася Марыя Грыц, якая вырашыла зрабіць рэпліку крыжа.
— Калі я ішла ў музей, а ведала я толькі пра крыж Еўфрасінні Полацкай, я чакала пабачыць паўметра золата. Аказалася, што гэта нацельны крыж, але гэта не змяншае яго каштоўнасці. Ён зроблены ў тэхніцы перагародкавай эмалі. І нават цяпер гэта рэдкае ювелірнае мастацтва. Самае цікавае, што ён можа быць звязаны з беларускай княжной Сафіяй Мінскай, якая выйшла замуж за Вальдэмара І і стала каралевай. Беларуска-дацкай каралевай. Маё сэрца прапусціла адзін удар. Я падумала, што шкада, што я не ведала пра яго раней. Больш таго, шмат хто не ведаў. Я падумала, што трэба зрабіць нешта авантурнае, каб як мага больш людзей даведаліся пра Сафію, а таксама пра тое, што можна пайсці ў Нацыянальны музей Даніі і паглядзець не проста скарбы, а рэч, якая можа мець дачыненне і да нас. Калі я пабачыла крыж у музеі, я крыху расчаравалася. У маёй галаве скарб павінен блішчэць. А там крыжу тысяча гадоў, ён доўга ляжаў у труне, таму ён выглядае як артэфакт. Мне захацелася пабачыць гэты крыж новенькім, як яго бачылі нашы князі, а па-другое, мне хацелася, каб крыж быў бліжэй да беларускай супольнасці, каб ён быў мабільны. Гэта павінна быць рэч, якая будзе належыць усім. На рэпліку скінуліся 66 фундатараў. Гэта нагода пагаварыць пра нашу гісторыю і пра Сафію, пра сувязі беларускіх князёў з іншымі краінамі, пра тое, што наша гісторыя — гэта не толькі страты.
Крыж зрабіў грузінскі ювелір Ілля Чакветадзе. Агулам да справы далучылася больш за 250 чалавек.
Пан Змітор на фоне мапы скарбаў
Прэзентацыя крыжа адбываецца ў форме пірацкай прыгоды. Марыя Грыц называе гісторыю з крыжам пірацкай авантурай. І тлумачыць, што ў Беларусі не было піратаў. А іх пірацкі флот будзе піратамі, якія не рабуюць, а вяртаюць скарбы. І вось у гэтым стылі мастак, беларус з Даніі Пан Змітор адмыслова для праекту стварыў еўрапейскую мапу скарбаў, якія тым ці іншым чынам звязаныя з беларускай гісторыяй.
— Гэта цікавы праект, бо менавіта пірацкая тэма дазваляе нам крышачку пахуліганіць. Тут больш творчай свабоды, чым бывае звычайна. Я выбраў артэфакты, якія распавядаюць еўрапейскую гісторыю нашай краіны. Многія з гэтых рэчаў вядомыя толькі вузкаму колу гісторыкаў, таму вельмі цікава пры дапамозе мапы коратка і візуальна, у адным плакаце распавесці ўсю гісторыю Беларусі, пачынаючы ад нараджэння Хрыстова да нашых дзён. На мапе 37 артэфактаў і месцаў, якія можна рэальна наведаць. Спадзяюся, гэтая мапа натхніць людзей падарожнічаць, шукаць скарбы, адкрываць нанова гісторыю, адказваць на пытанні: хто мы, за што мы змагаемся і чаго мы хочам.
Марыя Грыц гаворыць, што рэпліка крыжа належыць усім беларусам. Цяпер ён будзе захоўвацца ў Музеі Вольнай Беларусі, які ахвотна падтрымаў аўтарку ідэі.
Другі бок рэплікі крыжа Сафіі (Дагмар)
ав
слухайце аўдыё