Беларуская Служба

Расія ўпотай адбудоўвае магутную армію. Нямецкі генерал б’е трывогу

22.10.2025 10:54
Аператыўны камандуючы Бундэсвера лічыць, што, нягледзячы на вайну ва Украіне, Пуцін стварае ў цені яшчэ мацнейшую армію, здольную да супрацьстаяння з НАТА,
Ілюстрацыйнае фотаFoto: EPA/RAMIL SITDIKOV / POOL Dostawca: PAP/EPA.

Генерал Аляксандр Зольфранк не мае сумневаў: Расія актыўна аднаўляе свае сухапутныя войскі, мадэрнізуе сістэму камандавання і дбайна аналізуе памылкі, зробленыя на фронце. Аператыўны камандуючы Бундэсвера лічыць, што, нягледзячы на працяг вайны ва Украіне, Уладзімір Пуцін стварае ў цені яшчэ мацнейшую армію, здольную да супрацьстаяння з НАТА, — чытаем на польскім партале forsal.pl.

— Мы павінны падтрымліваць Украіну ўсім неабходным, каб зменшыць ціск з боку Расіі, — падкрэслівае генерал Зольфранк. Паводле немца, нявызначанасць і павольнасць Захаду могуць прывесці да небяспечнага парушэння балансу сіл у Еўропе.

Тым часам спрэчкі наконт дапамогі Кіеву працягваюцца і ў Вашынгтоне, і ў Бруселі. ЗША пакуль не прынялі рашэння адносна перадачы Украіне крылатых ракет Tomahawk, а Еўрапейскі Саюз шукае шляхі, каб разблакаваць сродкі з замарожаных расійскіх актываў.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў, што Украіна плануе набыць 25 сістэм супрацьпаветранай абароны Patriot. Паводле звестак агенцтваў Reuters і выдання Politico, гэта пытанне абмяркоўвалася падчас яго сустрэчы ў Вашынгтоне з прэзідэнтам Дональдам Трампам.

Украінскі лідар адзначыў, што перамовы былі «вельмі плённыя», аднак працэс закупкі можа заняць працяглы час. Кошт аднаго комплексу ацэньваецца прыкладна ў 1 мільярд долараў, а фінансавыя магчымасці Кіева застаюцца абмежаванымі.

Пад кіраўніцтвам канцлера Фрыдрыха Мерца Германія рыхтуе найбуйнейшую рэструктурызацыю Бундэсвера за апошнія дзесяцігоддзі. Колькасць вайскоўцаў плануецца павялічыць да 260 тысяч, яшчэ 200 тысяч будуць у рэзерве. Мадэрнізацыя прадугледжвае закупку новых танкаў, скарачэнне бюракратычных працэдур і паглыбленне супрацоўніцтва з абароннай прамысловасцю.

— Мір не здараецца сам сабой, яго трэба заслужыць. Калі Расія дасягне поспеху, еўрапейскія дасягненні пасля Другой сусветнай вайны будуць страчаныя, — рэзюмаваў генерал Бундэсвера Аляксандр  Зольфранк.

эж