Беларуская Служба

Спецыяльная дыпламатычная аперацыя: «Адпудзіць Дональда Трампа»

22.10.2025 12:29
Стратэгія Расіі, накіраваная на тое, каб адгаварыць Трампа ад спынення вайны, спрацавала бездакорна, сцвярджае эналітык Тадэвуш Іваньскі.
Дональд Трамп EPA/ALLISON ROBBERT / POOL Dostawca: PAP/EPA.

Амерыканскі прэзідэнт зноў учапіўся за абяцанні Пуціна, як Віні-Пух за бочку мёду, і гнеў і расчараванне абрынуліся на Кіеў.

Менш чым праз тыдзень пасля абвяшчэння планаў саміту Трамп-Пуцін у Будапешце Крэмль прадэманстраваў прыкметы незацікаўленасці пытаннем.

У аўторак міністры замежных спраў Расіі і ЗША Сяргей Лаўроў і Марка Рубіа пагаварылі па тэлефоне, пасля чаго Рубіа даў зразумець, што мэты Расіі ў вайне з Украінай застаюцца нязменнымі і што любому спыненню агню павінны папярэднічаць палітычныя пагадненні, якія дасягаюць гэтых мэтаў. Неўзабаве пасля гэтага Белы дом абвясціў, што праца над самітам у Будапешце прыпынена, а Трамп заявіў, што не хоча марнаваць час на непрадуктыўныя сустрэчы.

Паказальная храналогія 

Варта ўспомніць храналогію, бо яна паказальная: за апошнія некалькі тыдняў заявы амерыканскага прэзідэнта падсілкоўваліся нарастаючым раздражненнем і нецярплівасцю з нагоды адсутнасці саступак з боку Расіі. Ён пачаў станоўча выказвацца пра прэзідэнта Зяленскага, сцвярджаючы, што Украіна мае шанец выйграць гэтую вайну і вярнуць акупаваныя тэрыторыі. У гэтым кантэксце з'явіліся неадназначныя аб'явы аб перакіданні ва Украіну крылатых ракет «Тамагаўк», здольных дасягнуць Масквы, Санкт-Пецярбурга і ключавых аб'ектаў паліўна-энергетычнага і абаронна-прамысловага комплексаў Расійскай Федэрацыі. Гэтая тэма была ключавой падчас двух тэлефонных размоў паміж Трампам і Зяленскім 11 і 13 кастрычніка, пасля чаго было прынята рашэнне ўдакладніць дэталі падчас асабістай сустрэчы ў Белым доме 17 кастрычніка.

У выніку чаканні ад гэтай размовы рэзка ўзраслі, а тэхнічныя пытанні, звязаныя з патэнцыйнай пастаўкай «Тамагаўкаў» — адсутнасць наземных пускавых платформаў, абмежаваная колькасць на складах і вытворчасць саміх ракет — адышлі на другі план.

Пуцін хітра ініцыяваў размову з Трампам 

Чаканні, якія аднагалосна падтрымлівае Украіна і большасць еўрапейскіх партнёраў, былі перапынена тым, што Пуцін ініцыяваў размову з Трампам у чацвер. Дзве з паловай гадзіны размовы, пакуль Зяленскі быў у самалёце, цалкам змянілі гульню. Можна толькі здагадвацца, якімі ліслівасцямі і абяцаннямі Пуцін зноў заразіў свайго суразмоўцу. Паводле паведамленняў крыніц, у тым ліку The Financial Times, падчас абеду з Зяленскім, зачыненага для прэсы, амерыканец нібыта лаяўся, пагражаў, што Расія можа знішчыць Украіну, калі захоча, і заклікаў яго прыняць расійскія патрабаванні. Пастаўкі «Тамагаўкаў» былі фактычна адхілены падчас публічнай часткі сустрэчы.

Калі Масква паўтарыла свае патрабаванні 21 кастрычніка, і расчараваны Трамп вырашыў, што размова з Пуціным будзе марнаваннем часу, чарговы этап спецыяльнай дыпламатычнай аперацыі супраць амерыканскага лідара быў паспяхова завершаны. Крэмль не адступіў ні на крок, выйграўшы час, супрацьпаставіўшы Кіеў і Вашынгтон адзін аднаму і сеючы страх у Еўропе.

Зноў удалося адгаварыць Трампа ад удзелу ў спыненні вайны

Аднак самае галоўнае, што зноў удалося адгаварыць Трампа ад удзелу ў спыненні вайны, якая нібыта не тычыцца Амерыкі. Мэта Крамля — выклікаць у яго як мага большую «агіду» да Украіны і ўсіх гэтых заблытаных еўрапейскіх спраў, каб ён сышоў з кантынента ў палітычным, а ў ідэале і ў ваенным плане.

А што станоўчага здарылася? Пуцін выйграў адзін раўнд, але не ўсю гульню. Будзе яшчэ некалькі раўндаў, што не выключае магчымасці пералому сітуацыі і тактычных перамог Кіева. Свята ў Віктара Орбана таксама адкладаецца, прынамсі пакуль. Яму патрэбен Будапешцкі саміт, каб — як і Лукашэнку ў 2014 і 2015 гадах — выступіць у якасці незаменнага пасярэдніка ў мірным працэсе і заззяць перад вясновымі парламенцкімі выбарамі, вынік якіх далёка не пэўны.

Аўтар: Тадэвуш Іваньскі — кіраўнік аддзела Беларусі, Украіны і Малдовы Цэнтра ўсходніх даследаванняў. З 2006 па 2011 год ён працаваў на Польскім радыё для замежжа.

Мяккая сіла ў свеце лічбавізацыі. Як Расія паляпшае свой імідж праз сацыяльныя сеткі

22.10.2025 06:15
Масква ўжо не проста спрабуе пераканаць нас у сваёй праваце. Яна спрабуе прымусіць нас адчуваць сябе добра ад свайго наратыву. Бо калі выява цёплая, гучыць музыка, а ў кадры парыць латэ, нават танк на заднім плане можна не заўважыць.

Сустрэча Трампа і Пуціна не адбудзецца? Трамп: Я не хачу марнаваць час

22.10.2025 08:37
Дональд Трамп абвясціў, што пакуль не прыняў рашэння адносна сустрэчы з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным.