Беларуская Служба

Палітолаг Лаўрынас Вайцюнас: Рэжым Лукашэнкі — гэта адзін з элементаў палітычнай машыны пуцінскай Расіі

23.10.2025 12:28
Пра вынікі двух дзесяцігоддзяў польскай усходняй палітыкі новыя выклікі  распавядае старшыня праўлення Калегіума Усходняй Еўропы Лаўрынас Вайцюнас.
Аўдыё
  • Пра вынікі двух дзесяцігоддзяў польскай усходняй палітыкі новыя выклікі распавядае старшыня праўлення Калегіума Усходняй Еўропы Лаўрынас Вайцюнас.
  ,
Памеранскі шпіц Умка, Лукашэнка і яго генералы скрыншот/Пул першага

Ужо ў дваццаты раз Калегіум Усходняй Еўропы імя Яна Новака-Езяраньскага ва Уроцлаве ладзіць канферэнцыю  «Польская ўсходняя палітыка» — трохдзённы форум, які аб’ядноўвае экспертаў, дыпламатаў і аналітыкаў, што займаюцца праблематыкай рэгіёна. 

Пра значэнне гэтай падзеі, вынікі двух дзесяцігоддзяў польскай усходняй палітыкі новыя выклікі — ад Украіны да Цэнтральнай Азіі — распавядае старшыня праўлення Калегіума Усходняй Еўропы Лаўрынас Вайцюнас (Laurynas Vaičiūnas):

— Гэта ініцыятыва, якая існуе ўжо 20 гадоў, яна была заснаваная трыма асобамі. З аднаго боку — Ян Анджэй Дамброўскі, тагачасны старшыня праўлення Калегіума Усходняй Еўропы; з другога — Павел Коваль, які тады быў яшчэ пачаткоўцам у палітыцы, але ўжо выдатным аналітыкам і знаўцам усходніх спраў; і, нарэшце, Багуміла Бердыхоўская — публіцыстка, актыўная дзеячка ў польска-ўкраінскіх адносінах, вядомая ўсім, хто цікавіцца гэтай тэматыкай.

Гэта была ініцыятыва, скіраваная на тое, каб аб’яднаць колы, якія займаюцца ўсходнімі пытаннямі. Бо для Польшчы тэма Украіны, яе будучыні і еўрапейскай перспектывы, дэмакратыі ў Беларусі і палітыкі адносна Расіі, што застаецца пагрозай для Польшчы дагэтуль, заўсёды была ключавой. Мы хацелі стварыць супольнасць людзей, якія, нягледзячы на ўнутраныя палітычныя рознагалоссі, могуць супрацоўнічаць у пытаннях знешняй палітыкі.

На працягу гэтых 20 гадоў мы, часам з большым, часам з меншым поспехам, імкнуліся фармаваць асяроддзе людзей, адданых усходняй тэматыцы, якія думаюць у катэгорыях дзяржаўнага інтарэсу —  «рацыі дзяржавы», што было ключавым паняццем для нашага заснавальніка Яна Новака-Езяраньскага.

— Пра што вы размаўляеце сёлета? Якія асноўныя тэмы абмеркавання канферэнцыі?

— Тэм сапраўды шмат. Адна з галоўных — як паглядзець на сітуацыю з пэўнай дыстанцыі. Мы жывём у такі час, калі здаецца, што вось-вось павінна адбыцца апошняя бітва, што ўсё хутка вырашыцца, і свет вернецца да стабільнасці. Але гэтага не адбудзецца. Мы спрабуем не губляцца ў штодзённых падзеях, а разважаць стратэгічна — пра тое, што можа мець вырашальны ўплыў на польскую знешнюю палітыку ў доўгатэрміновай перспектыве. З іншага боку, гаворым пра неабходнасць падтрымліваць супольнасць людзей, якія разумеюць, чаму Польшча падтрымлівае Украіну і дэмакратыю ў Беларусі, чаму важны Каўказ і чаму трэба дзейнічаць у Цэнтральнай Азіі. Пра гэта, між іншым, казаў намеснік міністра замежных спраў Войцех Заянчкоўскі.

—  Дваццаць гадоў — гэта таксама час падвядзення вынікаў. Ці маглі б вы акрэсліць, якія, на вашу думку, былі найбольшыя поспехі і няўдачы польскай усходняй палітыкі за апошнія 20–25 гадоў?

— Магчыма Польшча не з’яўляецца адзіным аўтарам гэтых поспехаў, але, вялікім дасягненнем з’яўляецца тое, што Расія была выціснутая з Цэнтральнай Еўропы. Канешне, з пункту гледжання Украіны, якая сёння плаціць жыццямі сваіх грамадзян, гэта не выглядае як поўная перамога. Але сама Украіна стала часткай заходняга свету — і гэта таксама факт.

Цяпер заходнія краіны зацікаўленыя ў рэгіёне — чаго 20–30 гадоў таму цяжка было сабе ўявіць. Нават Іспанія, для якой гэтая тэма раней не існавала, сёння ўдзельнічае ў дыскусіі. Такім чынам, Польшчы разам з балтыйскімі партнёрамі ўдалося перанесці ўсходнюю праблематыку ў цэнтр еўрапейскай дыскусіі. Можна, вядома, іранічна сказаць, што галоўным архітэктарам гэтага стаў сам Пуцін, але і Польшча зрабіла вельмі шмат для таго, каб пытанні Украіны і дэмакратычнай Беларусі занялі высокае месца ў еўрапейскім парадку дня. Усходняе Партнёрства, хоць цяпер перажывае цяжкі час, таксама застаецца сведчаннем гэтага шляху.

— Вельмі шмат гаворыцца пра Украіну і гэта абгрунтавана. Былы прэзідэнт Польшчы Аляксандр Кваснеўскі, які выступаў на адкрыцці канферэнцыі, адзначыў, што Польшча жыццёва зацікаўленая ў тым, каб Украіна вытрымала, бо інакш расійскія войскі будуць на беразе Буга. Але яны ўжо там — на тым адрэзку ракі, уздоўж якога ідзе мяжа Польшчы з Беларуссю. Ці з’яўляецца Беларусь тэмай цяперашняй канферэнцыі?

— Беларусь, можа, не ў цэнтры нашай дыскусіі, але яна прысутнічае амаль ва ўсіх размовах. Мы бачым, што падзеі ва Усходняй Еўропе развіваюцца непрадказальна, і ўсё мацней адчуваецца ўплыў Кітая — у тым ліку на Расію і Беларусь. Разважаем, як гэта ўплывае на нашу ўласную бяспеку. Беларусь — ключавы саюзнік пуцінскай Расіі, без якога цяжка ўявіць вайну супраць Украіны. Таму мы выразна адчуваем пагрозу з беларускага боку, хоць часта ўспрымаем рэжым Лукашэнкі як адзін з элементаў палітычнай машыны пуцінскай Расіі.

Слухайце аўдыё! 

эж