Сустаршыня правапапулісцкай партыі «Альтэрнатыва для Германіі» (AfD) Ціна Хрупала заявіў, што Польшча можа стаць пагрозай для Германіі, і абвінаваціў Захад у спрыянні расійскаму нападу на Украіну. Паводле немца, «эканамічныя інтарэсы Польшчы адрозніваюцца ад нямецкіх», — чытаем на партале forsal.pl.
«Не бачу цяпер пагрозы для Германіі з боку Расіі», — сказаў Хрупала ў эфіры грамадскага тэлеканала ZDF, дадаўшы, што любая краіна можа стаць пагрозай для Германіі, у тым ліку і Польшча. У якасці прыкладу палітык прывёў адмову Варшавы выдаць Берліну ўкраінскага грамадзяніна, якога ў Германіі падазраюць у тэрарызме. Гаворка ідзе пра адказнага за выбух на газаправодзе Nord Stream 2.
Пачуўшы пытанне, ці з’яўляецца Польшча такой жа патэнцыйнай пагрозай, як Расія, Хрупала адказаў станоўча: «У гэтым выпадку гэта бачна выразна». Пры гэтым правы палітык адзначыў, што эканамічныя інтарэсы дзвюх краін не супадаюць.
Каментуючы Расію, сустаршыня AfD падкрэсліў, што яна «ніколі не была дэмакратыяй» і «за апошняе стагоддзе заставалася дыктатурай». Ціна Хрупала заявіў, што як нямецкі дэпутат мусіць кіравацца найперш нацыянальнымі інтарэсамі. «Можна крытыкаваць дыктатуры, але трэба зважаць на тое, што выгадна Германіі. Пуцін мне нічога не зрабіў», — дадаў ён.
Хрупала асудзіў расійскую агрэсію супраць Украіны, але заявіў, што перад пачаткам вайны «руская меншасць ва Украіне падвяргалася пераследу», а «памылкі дапусціў і Захад».
Нямецкія СМІ адзначаюць, што выказванні Хрупалы ўзмацнілі крытыку на адрас AfD, якую ўлады Германіі ўжо называлі «траянскім канём Расіі». Палітычныя апаненты папярэджваюць, што такая рыторыка пагражае бяспецы краіны.
эж