Беларуская Служба

Вадзім Кабанчук: Змаганне за Украіну набліжае вызваленне Беларусі

26.11.2025 18:30
Беларускія ваяры ва Украіне з насцярожанасцю ставяцца да кантактаў з палітычнымі структурамі. Іх яднае жаданне дапамагаць Украіне, з разуменнем, што гэта набліжае сапраўдную незалежнасць Беларусі, сказаў прадстаўнік АПКБ па абароне і нацыянальнай бяспецы Вадзім Кабанчук.
Аўдыё
  • Беларусы ва Украіне змагаюцца з абодвух бакоў фронту. Размова з прадстаўніком Кабінета па абароне і нацыянальнай бяспецы Вадзімам Кабанчуком
 .
Вадзім Кабанчук.Фота: Аб'яднаны пераходны кабінет

Да 2022-года жыхары нашага рэгіёна поўнамаштабную вайну бачылі збольшага ў кіно. Пасля расійскага нападу на Украіну мы бачым вайну ў жывую штодня. Больш за тое, ураджэнцы Беларусі не проста вонкавыя назіральнікі, ёсць сотні чалавек, які пайшлі ваяваць, як добраахвотнікі ў рамках Узброеных сіл Украіны, так і найміты ў шэрагах расійскай арміі.

Аб’яднаны Пераходны Кабінета Беларусі (АПКБ) мае прадстаўніка па абароне і нацыянальнай бяспецы. Гэта наш сённяшні госць – спадар Вадзім Кабанчук, з якім мы паразмаўляем пра ўдзел беларусаў у вайне ва Украіне.

Украінскі праект «Хачу жыць» раскрыў, што 1.330 беларусаў ваявалі ці ваююць на баку РФ. У 2024-м годзе прадстаўнік Асацыяцыі беларускіх добраахвотнікаў Андрэй Кушняроў распавёў, што з 2014-га года 1300 беларусаў дэмабілізаваліся, а 350 чалавек працягвалі служыць у шэрагах УСУ. Што вядома пра ўдзел беларусаў у вайне ва Украіне? Колькі іх там ваюе і чаму з абодвух бакоў?

— З аднаго боку, складана адказаць на гэтае пытанне, бо ёсць вайсковая таямніца, якая не дазваляе разгалошваць дадзеныя па асабовым складзе ваенных часцей. З другога боку, пытанне балючае, бо беларусы зноў апынуліся з абодвух бакоў. У нас у гісторыі некалькі разоў былі такія эпізоды. Цяпер можна канстатаваць, што з боку РФ ваюе больш па колькасці беларусаў, але яны не аб’яднаныя ў зямляцкія групы ці асобныя структуры. Яны проста расцярушаныя паміж рознымі падраздзяленнямі расійскіх захопнікаў. Перыядычна яны трапляюць у палон, каля 350 чалавек з іх загінулі. Насамрэч гэта лічба можа быць большай, бо не ўсе беларусы патрапілі ў поле зроку журналістаў. З тых, хто змагаецца за незалежнасць Украіны, найбольш вядомая структура – гэта Полк Каліноўскага, яшчэ ёсць некалькі больш дробных структур ды асобныя хлопцы, якія ваююць у розных аддзяленнях.

Вы сказалі, што ёсць некалькі структур. Чаму не атрымліваецца стварыць адну структуру? Напрыклад, гісторыкі кажуць, што адзін з фактараў таго, што ў 1918 годзе беларусы не змаглі адстаяць незалежнасць, была адсутнасць свайго войска. Ці цяпер такое войска магло б паўстаць з структур, якія змагаюцца з украінскага боку?

— У гэтай сітуацыі ёсць пэўныя плюсы і мінусы. Пераважная большасць добраахвотнікаў, якія ваююць за Украіну, захоўваюць інкогніта. Каб не прасачылася пра іх інфармацыя, таму, што людзі хвалююцца за свае сем'і, маёмасць і так далей. Той факт, што хлопцы ваююць па розных часцях, у гэтым ёсць пэўны плюс, таму, што іх складаней адсачыць. Па-другое, расцярушанасць нашых хлопцаў па розных групах Збройных сіл Украіны, дазваляе набыць розны досвед, таму, што ёсць розныя віды войск, ёсць розная тактыка, яка прымяняецца: адна брыгада ваюе так, іншая ваюе трошкі па-іншаму. Мы не можам цяпер казаць, што гэта беларускія падраздзяленні, таму што хлопцы ваююць у аператыўным падпарадкаванні ўкраінскіх афіцэраў, яны камандуючы гэтых часцей. Няма мовы пра беларускае войска ўзору 1918-га года. Але, амаль што ўсе хлопцы і дзяўчаты, якія прыехалі ва Украіну, яны прыехалі па ідэалагічных перакананнях. Таму што мы разумелі, што барацьба з Расійскай Федэрацыяй дапаможа нам вырвацца са сферы ўплываў Крамля і набліжае вызваленне Беларусі. Я мяркую, што калісьці ў нас з'явяцца новыя магчымасці. Усе жадаючыя, скажам, скарыстацца гэтым гістарычным момантам, яны будуць разам.

Як цяпер складваюцца адносіны паміж Кабінетам і добраахвотнікамі?

— Я не скажу, што гэта просты працэс, таму што добраахвотнікі не маюць вызначанай ідэалогіі, пазіцыі што да падтрымкі той ці іншай палітычнай структуры. Ёсць там розныя хлопцы ад анархістаў да правых. Яны абсалютна па-рознаму ставяцца да Кабінета. Я скажу шчыра, пераважная большасць ставіцца асцярожна да любых кантактаў з такімі інстытуцыйнымі структурамі як Кабінет ды любымі іншымі. Яны прынялі вельмі важнае рашэнне ў сваім жыцці, паехалі на вайну, рызыкуюць усім. Больш за тое, на вайне вельмі спрашчаецца сітуацыя: свой або чужы. Я ведаю, што большасць хлопцаў і дзяўчат лічаць сваімі тых, хто з імі побач у акопах.

Ваш папярэдні досвед дапамагае вам у гэтых кантактах?

— У пэўным сэнсе так, таму што я ўліўся ў добраахвотніцкі рух яшчэ ў 2014-м годзе. З часткай хлопцаў мы разам ваявалі ў прыгарадах Данецка, гэта як былы камандзір Палка Каліноўскага Дзяніс Прохараў на мянушку «Кіт». Я асабіста правёў паўгода ў Мар'інцы, каторая цяпер захопленая расійскімі войскамі. Я назіраў на свае вочы структурныя змены ва ўкраінскім добраахвотніцкім руху. У пэўнай ступені беларусы ідуць па такім жа шляху.

Што гэта значыць?

— Гэта значыць, што мы не можам канстатаваць, што ёсць сталы ўстойлівы калектыў. Увесь час адбываецца ратацыя хлопцаў. Хтосьці стаміўся, хтосьці паранены, хтосьці расчараваўся. Нехта пераводзіцца ў іншае падраздзяленне, думаючы, што там яму будзе лепш ваяваць. Апроч таго, усе добраахвотнікі знаходзяцца на тым самым узроўні, бо, на жаль, у нас беларусаў амаль няма афіцэраў. Таму ўсе роўныя сярод роўных. Кажучы армейскім слэнгам, нам беларусам, складана трымаць дысцыпліну ды іерархію паміж сабой.

Размаўляў Юры Ліхтаровіч