Беларуская Служба

Беларусь мае намер прапанаваць уключыць традыцыі гатавання страў з цёртай бульбы ў спадчыну ЮНЕСКА

04.03.2026 14:08
Беларусь мае намер прапанаваць уключыць традыцыі гатавання страў з цёртай бульбы – перш за ўсё дранікаў, бульбяных бліноў і бабкі – у рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва UNESCO.
Аўдыё
  • Беларусь мае намер прапанаваць уключыць традыцыі гатавання страў з цёртай бульбы ў спадчыну ЮНЕСКА
.
.Taken/Pixabay/CC0

Адпаведнае рашэнне прыняў Прэзідыум Савету міністраў. Для ўключэння прапанаваная гісторыка-культурная каштоўнасць пад назвай «стравы з цёртай бульбы — традыцыі гатавання і спажывання ў Беларусі».

«Традыцыі гатавання страў з цёртай бульбы — у першую чаргу дранікаў, бульбяных бліноў і бабкі — даўно сталі гастранамічным брэндам Беларусі і прадстаўленыя ва ўсіх шасці абласцях краіны. З 2022 года яны ўключаныя ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі. Зафіксавана больш за 370 носьбітаў традыцыі з 73 раёнаў і 235 народных рэцэптаў страў з цёртай бульбы», — гаворыцца ў паведамленні.

Прапанову Беларусі Міністэрства культуры плануе накіраваць у UNESCO да канца сакавіка 2026 года.
Уключэнне гэтай традыцыі ў міжнародны Спіс павінна спрыяць пашырэнню інфармацыі пра Беларусь як пра краіну, дзе захоўваюцца нацыянальныя культурныя традыцыі, а таксама павышэнню турыстычнай прывабнасці і развіццю гастранамічнага турызму.

На сённяшні дзень у спісах нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO – сем пазіцыяў з Беларусі.

Белсат/ав