Беларуская Служба

Дыверсіі на чыгунцы ў Польшчы: загад хутчэй за ўсё аддаў асабіста Пуцін

01.12.2025 11:10
«Сенеж» — адна з найбольш сакрэтных і небяспечных частак ГРУ.
  ,         ,     .
На думку экспертаў, за дыверсіі на польскай чыгунцы адказвае элітарная адзінка ГРУ, а загад выдаў асабіста Пуцін. PAP/EPA/ALEXANDER NEMENOV/AFP / POOL

Украінскія разведслужбы ўстанавілі, што адзін з абвінавачаных у арганізацыі дыверсій на польскай чыгунцы — Яўген Іваноў — дзейнічаў па загадзе афіцэра расійскага ГРУ Юрыя Сізова з элітнай часткі «Сенеж». У размове з выданнем Gazetа Wyborczа падпалкоўнік Мацей Каровай (Maciej Korowaj) называе гэтую адзінку «кінжалам Пуціна» і падкрэслівае: калі дыверсіі ў Польшчы былі іх аперацыяй, загад аддаў асабіста Уладзімір Пуцін, асабліва калі аперацыя стварала рызыку гібелі грамадзян краіны — члена НАТА.

Польская паліцыя апублікавала фота двух падазроных — Іванова і Аляксандра Канонава. Абодва — грамадзяне Украіны — падазраюцца ў пашкоджанні чыгункі ў двух месцах: каля населенага пункта Міка ў Мазавецкім ваяводстве і на лініі Варшава—Дарагуск у раёне Пулаваў. У адным выпадку зламыснікі скарысталі выбуховую прыладу, у іншым — металічныя элементы, якія маглі выклікаць зыход цягніка з рэек. Пашкоджана была таксама кантактная сетка. Па словах паліцыі, гэта стварыла прамую пагрозу катастрофы з вялікай колькасцю ахвяр.

Абодва падазроныя пасля інцыдэнтаў уцяклі ў Беларусь.

Украінскія спецслужбы таксама паведамляюць, што Іваноў ужо спрабаваў арганізаваць тэракты — у пачатку мінулага года ён рыхтаваў замах на завод вайсковых дронаў у Львове, таксама па загадзе Сізова.

Падпалкоўнік Каровай адзначае: «Сенеж» — адна з найбольш сакрэтных і небяспечных частак ГРУ, прызначаная для спецаперацый і дыверсій у Еўропе. Калі іх сляды знаходзяць у Польшчы — гэта можа азначаць намер Расіі дэстабілізаваць інфраструктуру краіны і правяраць рэакцыю НАТА.

Gazeta Wyborcza/Onet

нг