Беларуская Служба

Прэзідэнт Польшчы адмовіўся ад сустрэчы з Орбанам з-за яго прамаскоўскай палітыкі

01.12.2025 16:25
«У Прэзідэнцкім палацы ўзяў верх здаровы сэнс, які падказаў, што сустрэчы з Орбанам не будзе».
Аўдыё
  • Прэзідэнт Польшчы адмовіўся ад сустрэчы з Орбанам з-за яго прамаскоўскай палітыкі
Прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі з жонкай МартайPAP/Radek Pietruszka

Прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі адмяніў сустрэчу з прэм'ер-міністрам Венгрыі Віктарам Орбанам з-за паездкі венгерскага лідара ў Маскву і яго сустрэчы з Уладзімірам Пуціным. Двухдзённы візіт Наўроцкага ў Венгрыю пачнецца 3 снежня, яго сустрэча з Орбанам павінна была адбыцца ў Будапешце. Паведамленне аб адмове кіраўніка Польшчы ад сустрэчы з венгерскім прэм’ерам трапіла на старонкі не толькі польскіх, але і замежных СМІ, а ўнутры краіны стала прадметам шматлікіх каментароў.

Прэзідэнт Караль Наўроцкі вырашыў абмежаваць праграму свайго візіту ў Венгрыю выключна самітам прэзідэнтаў Вышаградскай групы ў Эстэргоме. Пра гэта паведаміў кіраўнік Бюро міжнароднай палітыкі пры прэзідэнце Польшчы Марцін Пшыдач.

Ён адзначыў, што гэта адбылося ў сувязі з візітам прэмʼер-міністра Венгрыі Віктара Орбана ў Маскву і яго кантэкстам.

«Прэзідэнт Караль Наўроцкі паслядоўна выступае за пошук рэальных спосабаў спынення вайны ва Украіне, выкліканай Расійскай Федэрацыяй», – зазначыў кіраўнік Бюро міжнароднай палітыкі.

«Спасылаючыся ў сваёй палітыцы на спадчыну прэзідэнта Леха Качыньскага, які падкрэсліваў, што бяспека Еўропы залежыць ад салідарных дзеянняў, у тым ліку ў галіне энергетыкі, у сувязі з візітам прэмʼер-міністра Віктара Орбана ў Маскву і яго кантэкстам, прэзідэнт Караль Наўроцкі вырашыў абмежаваць праграму свайго візіту ў Венгрыю», – напісаў чыноўнік.

Ён зазначыў, што Наўроцкі «сумесна з прэзідэнтамі Чэхіі, Славакіі і Венгрыі будзе абмяркоўваць пытанні бяспекі і супрацоўніцтва ў рэгіёне Цэнтральнай Еўропы».

Прэзідэнт Польшчы павінен быў правесці ў Венгрыі два дні і быць у сераду ў Эстэргоме на саміце прэзідэнтаў Вышаградскай групы, а ў чацвер – у Будапешце з афіцыйным візітам, падчас якога ён меў сустрэцца з венгерскім прэзідэнтам Тамашам Шуёкам і прэмʼер-міністрам Орбанам.

Пытанне адмены сустрэчы з Орбанам усе вядучыя польскія палітыкі ўспрынялі пазітыўна. Пры гэтым, што Наўроцкі – прадстаўнік правых сіл, якія з сімпатыяй глядзяць на Будапешт і ў пераважнай большасці адабраюць палітыку венгерскага прэм’ера, перш за ўсё ўнутраную, накіраваную на прасоўванне правых і кансерватыўных рашэнняў ды змаганне з ліберальнымі асяроддзямі і СМІ. Некаторыя венгерскія медыя нават заўважылі, што раней Наўроцкі, які да прэзідэнцтва займаў пасаду старшыні Інстытуту нацыянальнай памяці Польшчы, лічыўся саюзнікам Віктара Орбана.

Крок прэзідэнта пахвалілі польскія палітыкі як з правага, так і левага боку палітычнай сцэны, а таксама шматлікія аглядальнікі. Так, віцэ-прэм’ер, міністр лічбавых тэхналогій Польшчы, прадстаўнік сацыял-дэмакратаў Кшыштаф Гаўкоўскі лічыць, што сустрэча Наўроцкага з Орбанам была б памылкай і ўвяла б у заклапочанасць заходніх саюзнікаў Польшчы.

- У Прэзідэнцкім палацы ўзяў верх здаровы сэнс, які падказаў, што сустрэчы з Орбанам не будзе. Орбан – гэта пятая калона ў Еўрапейскім Саюзе. Ён вядзе сваю краіну ў цёмны закавулак, бо хоча нейкага пагаднення з Пуціным, які зʼяўляецца злачынцам. Орбан лічыць, што з Украінай нічога не здарыцца, калі яна прайграе гэтую вайну. Асабіста для мяне раней планаваная сустрэча Наўроцкага і Орбана была вельмі не на месцы. Таму я пазітыўная ацэньваю тое, што яе не будзе.

Вядомы польскі сацыяёлаг, прафесар Ірэнэвуш Кшэміньскі мяркуе, што адмовіўшыся ад сустрэчы з Орбанам прэзідэнт Наўроцкі паказаў, што ён прытрымліваецца сваіх поглядаў па тэме Украіны. Сацыёлаг таксама мяркуе, што раней планаваная сустрэча магла б аказаць негатыўны ўплыў на вобраз кіраўніка Польшчы.

- Не існуе ніякага матыву, ніякай прычыны, ніякага зацікаўлення, якія б адцягвалі прэзідэнта ад падтрымкі яго паслядоўных поглядаў і заяў. І ён, паводле мяне, знайшоў рашэнне: ён будзе там, і Орбан таксама будзе там, яны будуць пра нешта гаварыць, але спецыяльнай двухбаковай сустрэчы не будзе.

Аднак былі і іншыя меркаванні адносна адмены двухбаковай сустрэчы Наўроцкага з Орбанам і гучалі яны з ультраправага боку польскай палітычнай сцэны. Так, дэпутат Сейму Польшчы Вітальд Тумановіч з нацыяналістычнай кааліцыі «Канфедэрацыя» мяркуе, што крок Наўроцкага з’яўляецца памылкай.

- Я лічу, што нам трэба сустракацца з партнёрамі, і перш за ўсё з тымі, у якіх адрозныя ад нашых інтарэсы і погляды, каб дасягнуць кансенсус і абмяняцца думкамі. Шчыра кажучы, я не магу ўявіць, чаму мы павінны адштурхоўваць адну з краін Еўрапейскага Саюза.

Варта нагадаць, што палітыкі «Канфедэрацыі» вядомыя сваімі прарасійскімі і антыўкраінскімі поглядамі.

Віктар Орбан прыбыў з чарговым візітам у Маскву 28 лістапада – гэта ўжо не першы раз, калі ён прыязджае ў Расію з моманту пачатку вайны ва Украіне ў 2022 годзе. Напярэдадні сваёй паездкі ён заяўляў, што асноўнай тэмай перамоваў з Уладзімірам Пуціным будуць пастаўкі энерганосьбітаў – Венгрыя застаецца адной з дзвюх краін ЕС, разам са Славакіяй, якая да гэтага часу імпартуе іх з Расіі. На сустрэчы ў Крамлі Орбан заявіў, што будзе «вельмі рады», калі Будапешт стане пляцоўкай для сустрэчы Пуціна і Трампа.

Венгерскае выданне Telex пры нагодзе адзначыла, што падчас сустрэчы перакладчыца Орбана некарэктна перадала яму некаторыя словы Пуціна – яна апусціла частку дэталяў, а таксама змякчыла частку рэплік, якія тычыліся Украіны.

вс

слухайце аўдыёфайл